Расійская разведка вырашыла пагуляцца ў «Ніка і Майка». Апублікаваныя «сакрэтныя данясенні» яе агентаў
Кіраўнік Службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін з пачатку вайны рэгулярна і публічна расказвае пра антырасійскія планы Захаду, якія яго ведамству нібыта становяцца вядомыя з агентурных данясенняў. Цяпер у сакавіцкім нумары ведамаснага часопіса «Разведчик» у раздзеле «Уполномочен заявить» служба апублікавала, як сцвярджаецца, тэксты гэтых рассакрэчаных данясенняў, заўважыла «Медуза».
19.03.2024 / 23:36
Здымак ілюстрацыйны
Усяго апублікаваных данясенняў пяць, і яны вельмі кароткія, літаральна па некалькі абзацаў. Пра змест іх можна здагадацца ўжо з саміх загалоўкаў:
- «Пра падрыхтоўку Захадам замены У. Зяленскага»;
- «Пра працу ЗША над стварэннем пятай калоны ў Расіі»;
- «Пра ініцыяванне ЗША кадравых перастановак ва Украіне»;
- «Пра намаганні ЗША па зрыве спартыўных мерапрыемстваў у РФ»;
- «Пра падрыхтоўку «намесніка» Захаду ва Украіне».
Адрасаваныя ўсе данясенні нейкаму таварышу Сяргееву, а іх аўтары кожны раз падпісаныя па-новаму: Марат, Алекс, Нора, Жак і Фелікс. Месцы, адкуль нібыта паступаюць данясенні, таксама кожны раз новыя: Х'юстан, Рыга, Вашынгтон, Атава і Брусель.
Змест усіх данясенняў — звычайная для расійскіх уладных колаў і прапагандыстаў канспіралогія. Паводле такога мыслення, усё што ні робіцца негатыўнага для Расіі, свядома інспіравана і арганізавана Захадам на чале з ЗША, а ўкраінскія палітыкі — звычайныя марыянеткі, якіх заходнікі ставяць на пасады і з іх жа здымаюць, абы толькі ўзнікла такое жаданне.
Калі верыць данясенням, Зяленскі заходнікаў ужо вельмі дапёк «няздзейсненымі абяцаннямі перамагчы Расію на поле бою», таксама дратуюць «заходніх гаспадароў» «ягонае бясконцае хамства ў зносінах з замежнымі партнёрамі і бязмежныя кумаўство ды карупцыя на Украіне».
Галоўнае ж — што Зяленскі, маўляў, «страціў здольнасці манеўраваць у канфлікце з Расіяй у інтарэсах Вашынгтона і хаўруснікаў». Таму яго хочуць замяніць, і ўжо разглядаюцца кандыдатуры магчымых пераемнікаў, якімі бачацца, напрыклад, Валерый Залужны, Кірыла Буданаў, Андрэй Ярмак, Аляксей Арастовіч і Уладзімір Клічко.
«На думку еўрапейцаў, кожны з іх у стане адыграць ролю «ўкраінскага Пілсудскага», на дзесяцігоддзі стварыўшы трывалы «санітарны кардон» паміж Расіяй і Еўропай. Такі сцэнар прадугледжвае спыненне агню паміж Масквой і Кіевам у момант, калі УС Украіны канчаткова страцяць наступальны патэнцыял», — сцвярджаюць «разведчыкі».
Пакуль жа кіраўніцтва ЗША, маўляў, упэўнена ўзмацняе «васальную залежнасць Кіева ад Вашынгтона», расстаўляючы паўсюль сваіх дарадцаў «па аналогіі з тым, як англасаксы часоў Брытанскай імперыі накіроўвалі ў свае калоніі «палітычных агентаў» для фактычнага кіравання і кантролю за дзейнасцю мясцовых уладаў».
У будучых планах амерыканцаў на ўсе ключавыя пасады нібыта плануецца расставіць украінцаў, якія вучыліся ў ЗША ці ў іншых саюзных ім краінах. У прэм'ер-міністры амерыканцы, маўляў, прабіваюць амбасадарку Украіны ў Вашынгтоне і выпускніцу Індыянскага ўніверсітэта Аксану Маркараву, у міністры фінансаў — выпускніка Гарварда Аляксандра Каву, а міністра эканомікі і мяняць не трэба, бо цяперашні кіраўнік ведамства Тарас Качка вучыўся ў Польскім нацыянальным інстытуце дзяржаўнага кіравання.
Тых жа, хто не адпавядае заходнім крытэрыям, прыбяруць з улады як пешак з шахматнай дошкі.
Калі ж Зяленскі заўпарціцца — то «Вашынгтон зробіць публічным «забойчае» карупцыйнае дасье ў дачыненні да прадстаўнікоў яго атачэння». Таму ўкраінскі прэзідэнт і не зможа рыпацца ды «будзе і далей выконваць усе рэкамендацыі сваіх амерыканскіх гаспадароў».
Тым не менш, «Захад працягвае ўмацоўваць механізмы прамога вонкавага кіравання падкантрольнай кіеўскаму рэжыму тэрыторыяй», а дзеля таго пад ціскам ЗША і Вялікабрытаніі мерыцца заснаваць пасаду «спецпасланніка» па Украіне, якім мала таго што будзе мець доступ да Зяленскага ды ведаць усе ягоныя планы, але таксама «будзе блакаваць не ўзгодненыя з Вашынгтонам і Лонданам крокі ўкраінскага кіраўніцтва, прапаноўваючы замест іх «правільныя» пастановы».
На ролю такога заходняга «намесніка» ва Украіне ўжо нібыта выстраілася вялікая чарга «русафобска настроеных амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў», а найбольшая зорка сярод іх — цяперашні генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, якому нядоўга ўжо заставацца на сваёй пасадзе.
Аднак жа аўтар гэтага данясення настроены аптымістычна і сумняецца ў тым, што задумка з «намеснікам» спрацуе. Бо, маўляў:
«Ва ўмовах усё больш цяжкага становішча на фронце, складанасцяў з правядзеннем мабілізацыі і затрымак з атрыманнем заходняй вайсковай дапамогі многія ўкраінцы пачалі ўсведамляць непазбежнасць дасягнення Масквой мэтаў СВА». А таму і многія прадстаўнікі кіеўскай эліты могуць не слухацца «намесніка», а «паспрабаваць «згуляць на апярэджанне», загадзя перайшоўшы на бок будучых пераможцаў».
Адначасова з дзеяннямі ва Украіне зламысны Вашынгтон не забываецца і непасрэдна пра Расію. Так, перад прэзідэнцкімі выбарамі ён нібыта меў намер «актывізаваць працу з расіянамі — выпускнікамі амерыканскіх праграм абмену», якіх, маўляў, налічваецца больш за 80 тыс. чалавек. Гэтыя людзі, на думку амерыканцаў, мусілі «стаць стрыжнявым элементам пятай калоны».
Дзеля таго з імі, маўляў, аднаўляюцца кантакты, наладжваюцца даверныя зносіны, а пасля гэтых людзей мяркуецца «актыўна ўцягнуць у палітычную барацьбу з расейскай уладай». Ужо падрыхтаваная адпаведная праграма, вядуцца трэнінгі, пры гэтым асаблівая ўвага надаецца «пытанням адпрацоўкі бяспечнай сувязі з амерыканскімі куратарамі».
Але насамрэч усё не так проста, і якія б падкопы амерыканцы ні строілі, Расія застаецца «моцным арэшкам». Так, запушчаная, вядома, усё тымі ж Штатамі кампанія па ізаляцыі Расіі ў спорце дае збоі, бо міжнародныя спартыўныя федэрацыі часта наравяцца ды не выконваюць інструкцыі, а шмат краін «глабальнага Поўдня» толькі нібыта і мараць, каб паўдзельнічаць у арганізаваных Расіяй розных альтэрнатыўных спаборніцтвах.
Карацей, «у сусветным спорце, як адзначаюць у Вашынгтоне, па сутнасці, пазначыліся тыя ж працэсы станаўлення шматпалярнасці, якія назіраюцца на міжнароднай арэне». А паколькі амерыканцам гэта, канешне, не даспадобы, то яны ўсімі сіламі намагаюцца гэтыя спаборніцтва сарваць. А галоўны тут інструмент — падкантрольнае Штатам Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (ВАДА) на чале з палякам Банькам.
І нейкія поспехі ў амерыканцаў ды ў Банькі, як з прыкрасцю канстатуецца, ёсць, аднак не ўсё так страшна. Бо «адкрыта праамерыканская пазіцыя паляка выклікае ўсё большае раздражненне ў прафесійных колах», а таму тыя дзяржавы, якія «стаміліся ад палітызацыі сусветнага спорту», маўляў, «імкнуцца ўмацоўваць спартыўны суверэнітэт, у тым ліку ў сферы фармулявання нацыянальных антыдопінгавых заканадаўстваў».
Чытайце таксама:
Расійская разведка запусціла хвалю дэзынфармацыі аб біялагічных выпрабаваннях ЗША на жыхарах Афрыкі
«Еўропа выгнала шпіёнаў Уладзіміра Пуціна. Цяпер яны вяртаюцца» — The Financial Times
Як расійская разведка змагла перахапіць размову нямецкіх афіцэраў?
На руінах «прыгожынскай імперыі троляў» у Расіі стварылі «сусвет троляў». Як ён дзейнічае?