Спрэчка з Беларуссю наконт транзіту ўгнаенняў каштавала Літве €320 тысяч
Такую суму выплацяць адвакацкай фірме.
21.03.2024 / 08:03
Спрэчка з Беларуссю ў міжнародным інвестыцыйным арбітражы аб транзіце па чыгунцы калійных угнаенняў прадпрыемства «Беларуськалій» ужо абышлася Літве ў €320 тыс. Прынята рашэнне аб выплаце такой сумы адвакацкай канторы, якая прадстаўляе інтарэсы Літвы, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу ўрада Літвы.
Сродкі выдзяляюцца фірме Ellex Valiunas ir partneriai за тры месяцы ў адпаведнасці з дамовай аб аказанні юрыдычных паслуг, падпісаным у лістападзе мінулага года», гаворыцца ў паведамленні.
Міністр камунікацый і транспарту Літвы Марус Скуодзіс 14 лістапада 2023 года паведаміў, што прадпрыемства «Беларуськалій» звярнулася ў арбітраж з патрабаваннем выплаціць кампенсацыю ў памеры 1 млрд еўра за разрыў дамовы аб транзіце ўгнаенняў у Клайпедскі марскі порт.
Урад Літвы ануляваў дамову 1 лютага 2022 года, бо яна не адпавядала інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Гэта адбылося пасля ўвядзення ЗША санкцый супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, уключаючы «Беларуськалій».
Чытайце таксама:
Індыя адмовілася ад беларускага калію на карысць расійскага
«Беларуськалій» зноў паспрабаваў размарозіць праз суд свае акцыі ў тэрмінале ў Клайпедзе
Чым пагражае беларускай эканоміцы продаж угнаенняў па дэмпінгавых цэнах