Улады Расіі і Беларусі рыхтуюць выкарыстанне ядзернай зброі і «бліцкрыг на Вільню» - Сахашчык

«Я гэта дакладна ведаю». Такую заяву прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы зрабіў, выступаючы сёння ў Варшаве на мітынгу, прысвечанаму Дню Волі.

24.03.2024 / 21:21

Валерый Сахашчык. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Яго словы цытуе агенцтва «Позірк».

Паводле Сахашчыка, «беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні», а ўлады Расіі і Беларусі спадзяюцца, што «цывілізаваны свет будзе шакаваны» такой эскалацыяй агрэсіі і «спыніць супраціў».

Выкарыстанне ядзернай зброі і напад на Літву Масква і Мінск плануюць праз няўдачы ў вайне з Украінай, мяркуе прадстаўнік АПК.

«Я, будучы спецыялістам вайсковым, маючы камунікацыю з калегамі ва ўсіх заходніх краінах, упэўнены на 100%: Расію чакае вялікая ваенная катастрофа. Я ўпэўнены, што расійскія і беларускія генералы добра гэта адчуваюць», — адзначыў Сахашчык.

«І можа так быць, што нас усіх чакаюць вельмі цяжкі часы. Але чым цяжэйшы шлях, тым даражэйшая перамога. Я ўпэўнены, што яна будзе.»

Nashaniva.com