Гомельскі правакатар Какойта спытаў у адміністрацыі Лукашэнкі аб законнасці татуіроўкі з Пагоняй. Пасля гэтага ў яго пачаліся праблемы
Гомельскі правакатар Яўген Катляроў (Какойта) не з'яўляецца ў сацсетках пасля таго, як заявіў, што можа трапіць на «суткі». У апошнім апублікаваным відэа ён расказаў, што да яго сталі праяўляць цікавасць сілавыя структуры пасля ягонага звароту ў адміністрацыю Лукашэнкі.
28.03.2024 / 19:04
На новае відэа правакатара звярнуў увагу «Флагшток».
Яўген Катляроў. Фота: яго асабістая старонка ў Facebook
Раней гамяльчук не раз хваліўся тым, што набіў сабе вялікую татуіроўку з «Пагоняй». Але ў апошнія гады за татуіроўкі з нацыянальнымі сімваламі Беларусі міліцыя стала пераследаваць грамадзян і прымушаць да выдалення татуіроўкі.
Гэта і матывавала Катлярова звярнуцца па тлумачэнні ў адміністрацыю Лукашэнкі. Ён адправіў ліст з просьбай растлумачыць, ці можна насіць татуіроўку з нацыянальным гербам «Пагоня» на плячы «без якіх-небудзь правакацый і забароненых сімволік». Бо герб носіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўжываецца ў геральдыцы многіх беларускіх гарадоў, паведаміў ён адміністрацыі Лукашэнкі.
Фрагмент звароту Катлярова ў адміністрацыю Лукашэнкі з відэа
Па словах Катлярова, «адказ прыйшоў сапсаваны» — прымацаваны да электроннага ліста файл аказаўся пашкоджаным і не адкрываўся. А пасля паўторнага звароту яму патэлефанаваў следчы і запатрабаваў прыехаць у СК для «нейкага допыту».
СМС-паведамленні з выклікам Катлярова ў суд з відэа
Катляроў апублікаваў скрыншот перапіскі са следчым з просьбай выслаць позву і паказаць, у якасці каго і па якой справе яго выклікаюць, але той адмовіўся. А затым гамяльчук атрымаў смс-паведамленне з выклікам у суд Чыгуначнага раёна па грамадзянскай справе. З пазовам аб спагнанні заробку з прадпрыемства «Фідыя Пчолка» ў суд звяртаўся сам Катляроў.
«Паводле непацверджанай інфармацыі, дырэктарам з'яўляецца былы міліцыянт. У нас да яго сур'ёзныя прэтэнзіі на вялікую суму грошай. Складаючы ўсе гэтыя падзеі — камусьці зноў трэба, каб я не трапіў у суд, а трапіў на ІЧУ, каб прапусціць тэрміны разгляду», — зрабіў выснову Катляроў.
Ён абурыўся тым, што «ў нашай краіне, калі пачынаеш з чымсьці разбірацца, і там завязаныя мянты, нязручныя пытанні, пачынаюць прэсаваць».
«Наша сістэма настолькі слабая, што прымяняе карныя меры занадта часта і не па справе», — заявіў правакатар.
Ён выказаў здагадку, што ў дачыненні да яго «зноў будуць уключаныя рэпрэсіўныя меры, зноў ІЧУ, зноў вышук», і гэта можа быць звязана як з судовым разглядам, так і з лістом у адміністрацыю Лукашэнкі, альбо са скаргай, якую ён пісаў пасля прыёму ў аблвыканкаме. З моманту публікацыі гэтага відэа іншых ролікаў Катляроў не выкладваў і з 22 сакавіка не абнаўляў свае старонкі.
Невядома, ці гэта не чарговы розыгрыш Катлярова.
Чытайце таксама:
«Чый Крым, кажы. Слабо?» Бондарава наехала на гомельскага правакатара