«Зрабіў выснову, што нашыя змагары мелі рацыю». Праўладны правакатар схадзіў на прыём у аблвыканкам і расчараваўся ва ўладзе
Гомельскі правакатар Яўген Катляроў схадзіў на прыём грамадзян, які вёў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, і падзяліўся ўражаннямі. Катляроў апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы некалькі відэа на гэтую тэму, прыклаўшы запіс размовы з Бараноўскім. «Флагшток» іх паслухаў і даведаўся, чаму той, хто ладзіў правакацыі супраць апазіцыйных актывістаў і падтрымліваў рэжым, цяпер расчараваўся.
Катляроў патлумачыў, што хацеў узняць пытанне несправядлівай аплаты працы перавозчыкаў у Гомелі, а менавіта — паскардзіцца на «шэрыя» заробкі. Паводле яго, ён накіраваўся ў аблвыканкам і напісаў заяву аб тым, як незаконна заключаюцца дагаворы падраду.
«Папрасіў удзяліць гэтаму ўвагу і выпадкова даведаўся, што заўтра ў Бараноўскага прыём грамадзян. Папрасіў сакратара запісаць мяне, абазначыў праблему — захацеў падняць яе, каб пачынаць з ёй змагацца. Дзяўчаты адказалі, маўляў, не трэба вам ісці на прыём — схадзіце спачатку туды, потым сюды.
Такое адчуванне, што тое, што там наверсе вырашаюць, на мясцовым узроўні ўсім пах*», — распавёў Катляроў.
У выніку гамельчуку адмовілі ў запісе на прыём да намесніка старшыні аблвыканкама. Ён па выхадзе з установы выклаў відэа, у якім распавёў, што «спрабаваў запісацца на прыём, але сакратаркі сказалі: не трэба турбаваць нашых служыцеляў закона».
Як сцвярджае Катляроў, пасля таго, як ён выклаў гэтае відэа, «не прайшло і чатырох хвілін», як ператэлефанавалі і сказалі, што ён запісаны на прыём.
Гамяльчук выказаў здагадку, што прыём у Бараноўскага нічога не дасць: «пакуюць, і ўсё застанецца на месцы, а тысячы людзей, якія працуюць кіроўцамі на перавозках, так і застануцца сацыяльна неабароненымі. А па тэлевізары і далей будзе ісці рэклама пра тое, як мы змагаемся з заробкамі ў канвертах і іншай несправядлівасцю, а людзей будуць запісваць у дармаеды».
Назаўтра Катляроў апублікаваў новае відэа — пасля прыёму ў Бараноўскага — і заявіў:
«Зрабіў выснову, што нашыя змагары мелі рацыю ў пэўнай меры, недалёкія ад ісціны. Таму што ўладу трэба дзяўбці і дзяўбці, фігуральна кажучы. Таму што калі прыходзіш на прыём да важнага чалавека пры пінжаку і гальштуку, і ён нават не дае задаць табе пытанне, ты паказваеш на парушэнне закону, а ён кажа, што парушэння няма… Вы нікому нах* не патрэбныя, усім пох*».
Паводле Катлярова, па сутнасці яго пытання яму адказалі, што «гэта не наша кампетэнцыя». Катляроў зрабіў выснову, што «наша ўлада наогул бяздзейнічае», а таксама выказаў здагадку, што выраз «Беларусь — краіна прыпісак» хутка будзе прызнаны экстрэмісцкім.
У канцы відэа Катляроў перавёў камеру на скандальны флагшток на плошчы Леніна і абурыўся:
«Нах* яго было рабіць, калі можна было паставіць са значна меншымі выдаткамі на будынку Белтэлекама», — сімвалічна завяршыў свой аповед правакатар.
Каментары
Имею однозначное мнение - этого псевдо-провластного блогеришку и явного скрытого "змагара" надо быстрее на чистую воду вывести! ГУБОПиК не спите!