«Шрайбмана як журналіста спарадзіла новая постсавецкая эпоха нулявых — эпоха Tut.by і хіпстараў»

Адной з важных характарыстык добрай журналістыкі з’яўляецца наяўнасць аўтарскіх тэкстаў (відэа і астатняга), моцных персаналій, за вострымі матэрыяламі якіх хочацца сачыць. У нашай гісторыі ўжо былі спробы выгадаваць менавіта такіх аўтараў, але потым штосьці пайшло не так, лічыць журналістка Таццяна Ашуркевіч. З гэтай нагоды яна пагаварыла для «Цэнтра новых ідэй» з вядомым журналістам Юрыем Дракахрустам пра тое, чаму ў 90-я гады Беларусь пачула шмат гучных журналісцкіх імён, чаму іх наяўнасць — гэта важна, і як паўтарыць тую ж з’яву ў наш час. 

31.03.2024 / 00:12

Юрый Дракахруст — журналіст і аналітык «Радыё Свабода»

— Калі я праглядала беларускія газеты з 1990-х гадоў, то здзіўлялася, як шмат тады з’явілася гучных імён у журналістыцы. Гэтая плеяда была вельмі моцнай, і наколькі я разумею, ваc таксама сталі заўважаць менавіта тады. Мне падаецца, пасля таго перыяду больш такой з’явы ў нас не было. Гэта заслуга менавіта гэтага гістарычнага часу? 

— Напрыканцы 80-х — пачатку 90-х у нас сапраўды ўзышло шмат «зорак» у розных сферах. Значная частка цяперашніх палітыкаў з’явіліся менавіта тады. Тое самае было і з журналістыкай: многія яскравыя постаці, якіх мы і цяпер бачым у медыйнай прасторы, паўсталі ў той перыяд. У пераломныя часы так часта адбываецца. Я да пачатку 90-х займаўся матэматыкай. Але тады і ў медыя, і ў палітыку, і ў бізнэс, які толькі нараджаўся, прыходзілі людзі з розных сфер. Быў час дылетантаў і авантурыстаў. 

Але ўзыходы новых «зорак» мы бачылі і пазней. Можна назваць хоць бы Арцёма Шрайбмана. Ён даволі хутка заняў сваё месца на Алімпе нашай прафесіі. 

— Мне здаецца, выпадак з Арцёмам унікальны. А што наконт астатніх? Раней я думала, што, магчыма, у нас сапраўды больш не было пераломных момантаў, не было глебы, на якой такія імёны маглі вырасці. Але ж потым здарыўся 2020 год. І я б не сказала, што пасля штосьці моцна змянілася. 

— Арцёма як журналіста спарадзіла новая постсавецкая эпоха нулявых — эпоха TUT.BY і хіпстараў. А што да 2020 года… Паразы рэдка спараджаюць суквецце «зорак». Хаця ў палітыцы гэты год іх спарадзіў — Бабарыка, Ціханоўская, Латушка, Вячорка, Калеснікава. Ну а ў нашым рамястве — пакуль так, не з’явіліся. Мо пазней з’явяцца, з пераасэнсавання 2020 года. У XIX стагоддзі, праз 20 гадоў пасля паўстання Каліноўскага, ў Піцеры з’явілася група беларускіх студэнтаў «Гоман», якія прыдумалі Беларусь і беларусаў як асобную нацыю. Можна прыгадаць і «Культуру» Ежы Гедройця, які ў пэўным сэнсе прыдумаў сучасную Польшчу. Нешта такое можа адбыцца і ў нас, і яно абавязкова адбудзецца — раней ці пазней.

— Мне падавалася, што справа ў іншым: наша журналістыка пачала развівацца ў нейкі ўласны бок. Умоўна, быў «ваш» перыяд, калі з’явілася шмат моцных аўтараў, і гэта быў пачатак нашай эвалюцыі ў бок заходніх медыя. Але потым штосьці змянілася — журналістыка быццам бы стала больш каманднай, неіндывідуальнай. Можа, справа ў тым, што наша медыйнае поле проста гэтаму не спрыяе? 

— Умовы на нашым полі зараз наогул мала чаму станоўчаму спрыяюць. Незалежная беларуская журналістыка зараз амаль цалкам эмігранцкая. У выніку мы губляем непасрэднае адчуванне свайго грамадства: мы не ходзім на «Камароўку» і па каву ў «Цэнтральны», не ездзім на «сотцы» па праспекце. Варта сказаць і пра фінансавыя праблемы: цяпер амаль усе заўважныя незалежныя медыя — «экстрэмісцкія фармаванні». Хто будзе даваць ім рэкламу? У такіх умовах не даводзіцца чакаць з’яўлення сузор’я новых імёнаў. 

— А мне здаецца, што гэта тое, што трэба падтрымліваць звонку ужо цяпер. Павел Слюнькін неяк сказаў, што «Захад моцны індывідуальнасцямі». Моцнае меркаванне — гэта бадай што адзіны сродак, які ў нас ёсць, каб змагацца з навакольнымі жахамі. Таму для мяне было прыемным адкрыццём, калі Вольга Лойка запусціла свой праект з аўтарскімі калонкамі. Атрымліваецца, усё ж ёсць разуменне таго, што нам гэта патрэбна? 

— Праект Лойкі сапраўды вельмі важны, у яго, можа, не такая вялікая аўдыторыя, але ён — пра сэнсы, пра бачанне. Я б прыгадаў і Мелказёрава, і Шапарава. Яны сталі на крыло якраз пасля 2020 году. З аднаго боку, умовы зараз цяжкія. З іншага, новыя тэхналогіі адкрываюць новыя магчымасці. Адкрый уласны YouTube-канал — і, калі пашанцуе, ты заваюеш свет. 

— Але гэтага цяпер і не адбываецца. Атрымліваецца, у нас ёсць магчымасці і новыя сродкі для таго, каб такія людзі з’яўляліся, але ўсё чамусьці спыняецца на Шрайбмане. 

— Гэта як на чый густ. Для некага куміры — хутчэй Мелказёраў і Шапараў. А наконт 2020 года мне падаецца плённай метафара разраджанага акумулятара. Ёсць такое адчуванне. З пачатку стагоддзя беларускае грамадства назапашвала сацыяльную энергію — падымаўся бізнес, ішлі камунікацыі з Захадам, з’яўляліся НДА. У 2020 годзе ўсё гэта выбухнула. Але мы прайгралі. І энергія, якая прывяла да выбуху 2020 года, не трансфармавалася ў пабудову новага грамадства, як яно было напрыканцы 80-х — напачатку 90-х. Не адбылося з’яўлення новых імёнаў у журналістыцы, у прыватнасці. А ў цэлым у грамадстве ідзе павольнае назапашванне энергіі, «акумулятар» зараджаецца.

— Можа быць такое, што гэта не назапашванне, а, наадварот, павольны заняпад? 

— Адно не выключае іншага. У палітычнай, нават грамадскай сферы — вонкава так, заняпад. Тут можна правесці аналогію з грамадскай сітуацыяй у Расійскай імперыі пасля паразы рэвалюцыі 1905 года. Таксама рэакцыя, рэпрэсіі, і разам з тым стома людзей ад палітычнага, нават ад грамадскага, сыход у прыватнае, асабістае. 

Я не думаю, што тут ёсць нейкі «залаты ключык», пры дапамозе якога медыя могуць павярнуць гэты трэнд. Але трэба спрабаваць — што яшчэ застаецца? Нечы поспех, шчаўчок ад дакладнага патраплення і будзе паказнікам таго, што трэнд памяняўся і штыль скончыўся. Той жа 2020 год пачаўся не з вылучэння Цапкалы — ён пачаўся з выбухападобнага росту аўдыторыі ТГ-каналаў.

Чытайце таксама:

Шрайбман прапануе Захаду перагледзець стратэгію адносна Беларусі

«Навошта выбары ў Каардынацыйную раду? Які можа быць протапарламент у протадзяржаве?» — Шрайбман

У Чалага спыталі, калі ён запросіць Шрайбмана на сваё вечаровае шоу

Nashaniva.com