Ці рыхтуе Пуцін «падарунак» да юбілею Пугачовай
15 красавіка Але Пугачовай, якая стала самай заўважнай сярод расійскіх зорак праціўніцай пуцінскага рэжыму, споўніцца 75 гадоў. Сілавікі любяць рабіць людзям непрыемныя «падарункі» да знамянальных дат.
31.03.2024 / 14:44
Ала Пугачова. Фота: інстаграм артысткі
На гэтым тыдні стала вядома, што Генеральная пракуратура Расіі адправіла ў Мінюст запыт аб прызнанні спявачкі Алы Пугачовай «асобай, афіляванай з замежным агентам». Дакумент апублікавала РІА «Навіны» са спасылкай на праўладнага актывіста і кіраўніка Федэральнага праекта па бяспецы і барацьбе з карупцыяй Віталя Барадзіна. Ён жа адправіў зварот з просьбай прызнаць Пугачову «замежным агентам».
Напярэдадні прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што нічога не чуў аб магчымым прызнанні «замежным агентам» Пугачовай.
У сераду, 27 сакавіка, RT са спасылкай на Барадзіна паведамляў аб пачатку працэдуры прызнання спявачкі «іншагентам». А канал Shot напісаў, што адпаведны статус Але Пугачовай могуць «прысвоіць» да яе юбілею. 15 красавіка спявачцы споўніцца 75 гадоў.
Максім Галкін і Ала Пугачова разам з дзецьмі зʼехалі з Расіі пасля ўварвання РФ ва Украіну. Галкін пасля адʼезду адкрыта крытыкаваў дзеянні Расіі. «Замежным агентам» Галкіна прызналі ў верасні 2022 года.
У пачатку сакавіка Ала Пугачова заявіла, што «нармальныя людзі не збіраюцца вяртацца [у Расію]». Такім чынам яна адказала на словы Стаса Міхайлава, які сказаў, што «артысты, якія зʼехалі, прыпаўзуць на каленях і будуць Расіі ногі цалаваць».
На канцэрце 29 сакавіка Галкін пракаментаваў навіны пра намер расійскіх уладаў прызнаць яго жонку замежным агентам. «На чарзе Ала, дзеці… Сабаку таксама можна зрабіць замежным агентам», — сказаў артыст.
Канал «Код Фрымэна» напісаў, што тады Ала Пугачова стане «народным іншагентам Расійскай Федэрацыі».
Чытайце таксама:
«Без сопляў і слёз». Валерый Лявонцьеў абвясціў пра завяршэнне кар'еры