Апазіцыя перамагае на муніцыпальных выбарах у Турцыі
На выбарах мэраў Стамбула, Анкары і Ізміра, па папярэдніх падліках галасоў, перамагаюць апазіцыйныя кандыдаты.
01.04.2024 / 08:45
Мэр Анкары і кандыдат ад Рэспубліканскай народнай партыі (CHP) Мансур Яваш вітае прыхільнікаў у Анкары, Турцыя, 31 сакавіка 2024 г. Фота: AP Photo / Ali Unal
Кандыдаты ад апазіцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі (НРП) лідзіруюць на выбарах мэраў у ключавых гарадах Турцыі, уключаючы Стамбул, Анкару і Ізмір. Пра гэта паведамляюць СМІ са спасылкай на папярэднія вынікі галасавання, якое прайшло ў нядзелю, 31 сакавіка.
Мэр Стамбула, які ўваходзіць у апазіцыю, Экрэм Імамаглу набірае 51,09% галасоў пасля падліку 99,98% бюлетэняў. На другім месцы кандыдат ад кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця (ПСР) Мурат Курум з 39,6%.
У Анкары таксама лідзіруе дзейны мэр, апазіцыянер Мансур Яваш, у яго 60,35% галасоў пасля апрацоўкі 99,93% бюлетэняў. Яго асноўны супернік, прадстаўнік ПСР Тургут Алтынак набірае 31,7 працэнта.
На выбарах у Ізміры пасля апрацоўкі 99,7% бюлетэняў першае месца займае прадстаўнік апазіцыі Джэміль Тугай з 48,9%. У выпадку перамогі ён зменіць на пасадзе мэра горада свайго аднапартыйца. Кандыдат ад ПСР Хамза Даг набірае 37,07% галасоў.
Кандыдаты ад НРП, да якой належаць Імамаглу, Яваш і Тугай, папярэдне, лідзіруюць больш як у 20 правінцыях па краіне. Яўка выбаршчыкаў на муніцыпальных выбарах у Турцыі склала 78,4 працэнта.
Нягледзячы на тое, што муніцыпальныя выбары ў большасці краін рэдка аказваюць уплыў на ўнутрыпалітычныя працэсы, вынік бітвы за Анкару і асабліва Стамбул будзе мець вырашальнае значэнне для будучыні ўсёй Турцыі.
Палітычная карʼера самога прэзідэнта краіны Рэджэпа Таіпа Эрдагана пачалася з яго абрання мэрам гэтага горада ў 1994 годзе, і ў 2019-м палітык казаў: «Той, хто выйграе Стамбул, выйграе ўсю Турцыю».
Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што яго Партыя справядлівасці і развіцця не атрымала на муніцыпальных выбарах у Турцыі таго выніку, на які спадзявалася. Эрдаган паабяцаў «не грэбаваць рашэннем народа», а таксама прыняць неабходныя меры ў рэгіёнах, дзе партыя прайграла.
Чытайце таксама:
Эрдаган можа перадаць уладу стваральніку «Байрактараў», якія знішчылі мноства расійскіх салдат
«Турэцкай» Southwind Airlines забаранілі лётаць над ЕС. Сённяшні рэйс з Мінска адменены
Уся Турцыя абмяркоўвае справу ката Эраса, якога забіў мясцовы жыхар. У справу ўмяшаўся нават Эрдаган