«Да 10 тысяч рублёў. Прэзідэнцкі заробак». Лукашэнка расказаў, колькі зарабляюць медыкі

Падчас сённяшняга візіту ў Гродна Аляксандр Лукашэнка сярод іншага займаўся справамі медыцыны. Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, робячы яму даклад, расказаў, які сёння ў Беларусі сярэдні заробак лекараў, а Лукашэнка назваў максімальны і параўнаў яго са сваім.

02.04.2024 / 17:53

«Кажуць, таго не хапае, гэтага не хапае. Лекараў, медсясцёр… Слухай, у нас усяго хапае. Толькі ў нас некаторыя катэгорыі, у тым ліку лекары, хочуць працаваць, як у нас, а жыць, як на Захадзе, і атрымліваць вялікія грошы. Дык яны суткамі [там] працуюць, асабліва моладзь. Гэта я ведаю дакладна. Суткамі працуюць. Але яны і зарабляюць», — абурыўся неапраўданымі, на яго думку, патрабаваннямі мясцовых спецыялістаў Лукашэнка.

Пры гэтым, маўляў, і ў Беларусі ў найлепшых клініках лекары зарабляюць вельмі прыстойныя грошы, нібыта параўнальныя з тымі, якія афіцыйна мае ён сам:

«Да дзесяці тысяч рублёў. Восем-дзесяць тысяч зарабляюць лекары. Прэзідэнцкі заробак».

І хто такія грошы атрымлівае, таксама працуюць шмат: «Не скажу, што суткамі, але працуюць з задавальненнем. Яшчэ і навукай займаюцца. Захопленыя людзі».

Іншыя ж, паводле слоў міністра аховы здароўя, зарабляюць куды менш, але таксама нібыта няблага: сярэдні заробак лекараў па краіне, як сцвярджае Аляксандр Хаджаеў, 2800 рублёў.

Пры гэтым міністэрства, маўляў, імкнецца даваць ім зарабляць як найболей, дазваляючы працаваць без выхадных.

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны

Бальніцу ў Гродне хочуць пабудаваць за два гады

Лукашэнка падпісаў закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі»

Nashaniva.com