ЗША папярэджвалі Расію аб тэрарыстычным нападзе менавіта ў «Крокусе» — The Washington Post
Washington Post апублікавала артыкул, у якім ананімныя крыніцы з амерыканскіх уладных колаў расказваюць: Расію папярэджвалі аб падрыхтоўцы нападу «Ісламскай дзяржавы» менавіта ў «Крокус Сіці Холе».
03.04.2024 / 08:29
Тэракт у «Крокусе», 22 сакавіка 2024 г. Фота: AP Photo / Dmitry Serebryakov
The Washington Post са спасылкай на ананімных амерыканскіх чыноўнікаў сцвярджае, што за два тыдні да тэракту ўрад ЗША праінфармаваў расійскіх чыноўнікаў, што менавіта «Крокус Сіці Хол» з'яўляецца патэнцыйнай мішэнню для тэрарыстаў.
Афіцыйныя асобы і эксперты, з якімі размаўлялі журналісты выдання, адзначаюць: хоць Вашынгтон рэгулярна дзеліцца інфармацыяй аб магчымых тэрарыстычных атаках з замежнымі краінамі, у адпаведнасці з палітыкай, вядомай як «абавязак папярэджваць», паведамленне інфармацыі аб канкрэтных мэтах саперніку з'яўляецца незвычайным. Гэта можа прывесці да раскрыцця таго, як Злучаныя Штаты атрымалі гэтую інфармацыю, што патэнцыйна можа паставіць пад пагрозу таемную дзейнасць па назіранні ці людзей-крыніц інфармацыі.
Між тым, у аўторак кіраўнік расійскай Службы знешняй разведкі Сяргей Нарышкін сказаў, што ФСБ атрымала ад амерыканскіх спецслужбаў «пэўную інфармацыю», але гэтая «інфармацыя была занадта агульнай і не дазволіла выявіць да канца тых, хто ўдзельнічаў у гэтым страшным злачынстве».
Крыніцы Washington Post таксама распавялі, што інфармацыя была перададзеная расійскаму боку 6 сакавіка. На наступны дзень амерыканская амбасада ў Маскве апублікавала папярэджанне для сваіх грамадзян пра пагрозу нападу — у ім у якасці верагодных аб'ектаў нападу называліся «канцэрты».
Пры гэтым, піша WP, былі прыкметы таго, што расійскія ўлады на пачатковым этапе паставіліся да папярэджання сур'ёзна. Па словах аднаго з суразмоўцаў выдання, паведамленне ЗША ўключала ў тым ліку інфармацыю аб падрыхтоўцы тэракта ў сінагозе. На наступны дзень ФСБ адчыталася, што прадухіліла напад ІДІЛ на сінагогу ў Маскве.
Выданне звяртае ўвагу на словы 15-гадовага Іслама Халілава, які ў ноч нападзення працаваў у гардэробе канцэртнай залы, пра тое, што супрацоўнікам «Крокуса» паведамілі пра магчымасць тэракту неўзабаве пасля публічнага папярэджання 7 сакавіка.
«Нас папярэдзілі, што могуць быць атакі тэрарыстычныя. [Быў] Інструктаж, нам казалі, што рабіць, [куды] весці людзей», — сказаў Халілаў у інтэрвʼю вядомаму расійскаму спартыўнаму журналісту Зміцеру Ягораву. Халілаў паведаміў, што на тым тыдні, як іх інструктавалі, былі «самыя жорсткія праверкі, з сабакамі хадзілі».
Чаму бяспека не была ўзмоцнена і не падтрымана пасля першапачатковага папярэджання, застаецца незразумелым. Цалкам магчыма, што расійскія службы бяспекі, не бачачы, што атака адбылася неўзабаве пасля 7 сакавіка, вырашылі, што інфармацыя ЗША няправільная, і аслабілі пільнасць, выказалі здагадку некаторыя амерыканскія службовыя асобы.
За тры дні да тэракта, 22 сакавіка, Уладзімір Пуцін назваў «правакацыйныя заявы» заходніх уладаў пра магчымыя тэракты ў Расіі «адкрытым шантажом» і намерам дэстабілізаваць грамадства.
Адказнасць за тэракт практычна адразу ўзяла на сябе ячэйка ІДІЛ у Афганістане пад назвай «Вілаят Харасан». Аднак расійскія ўлады «бачаць» у тэракце «ўкраінскі след».
Уладзімір Пуцін, які выступіў перад расіянамі толькі праз 19 гадзін пасля тэракту, сказаў, што для тэрарыстаў, якія ехалі ва Украіну, з украінскага боку было «падрыхтавана акно» для перасячэння мяжы.
Паводле апошніх звестак, у тэракце загінулі 144 чалавекі, больш за 380 пацярпелі, дзясяткі чалавек застаюцца ў спісах зніклых без вестак.
Чытайце таксама:
У маскоўскім аддзеле паліцыі памёр ураджэнец Чачні, якога затрымалі пасля тэракта ў «Крокусе»
Reuters: Іран папярэджваў расійскія спецслужбы пра падрыхтоўку нападу на «Крокус»