Пад Мінскам прадаюць палац за мільён даляраў. У ім 30 пакояў

Палацава-паркавы ансамбль прадаюць на радзіме Хаіма Суціна ў Смілавічах Чэрвеньскага раёна.

05.04.2024 / 13:13

Палац прадаюць за 3 748 655 рублёў (прыкладна 1,15 млн даляраў) пакупнік атрымае будынак плошчай 1 142 м2, паведамляе 1prof.by.

У ім два паверхі і 30 пакояў. Таксама новы ўласнік атрымае ўчастак у 3,5 га, на якім, акрамя палаца, размешчаны прыродны помнік мясцовага значэння — парк Смілавічы. Сам палац уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Прыкладна 10 гадоў аб'ектам валодала прыватная фірма, якая паспела правесці ў палацы частковую рэстаўрацыю: знесла старыя прыбудовы, ачысціла памяшканні ад смецця, выканала некаторыя чарнавыя працы і правяла камунікацыі. Але рэканструкцыя ўсё яшчэ не скончана, завяршыць яе павінен будзе новы ўладальнік.

Палац у Смілавічах пабудаваў у пачатку XIX стагоддзя Станіслаў Манюшка — дзед Міхаіла Агінскага. Ад таго палаца засталася толькі вежа ў псеўдагатычным стылі і некалькі старых сцен з чырвонай цэглы. Новы палац, які захаваўся да нашых дзён, пачаў будаваць Аляксандр Манюшка. Завяршыліся работы толькі ў 1900 годзе. Абодва будынкі злучылі галерэяй.

У савецкі час палац стаў корпусам сельскагаспадарчага тэхнікума. За XX стагоддзе будынак некалькі разоў перабудоўвалі. Да 2000-га некалькі разоў перабудаваны будынак прыйшоў у такі жаласны выгляд, што тагачаснаму ўладальніку — Мінсельгасхарчу — прыйшлося прадаць яго цяперашняму ўладальніку.

Чытайце таксама:

У Чачэрску пачалі рэканструкцыю ратушы XVIII стагоддзя

Як выглядае палац у Ружанах, пафарбаваны ў ярка-зялёны колер ФОТАФАКТ

«Бачым, што гэта не завод, а палац». У Гродне поўным ходам ідзе рэканструкцыя будынкаў былога бровара

Nashaniva.com