Былая салістка філармоніі можа застацца з трыма дзецьмі на вуліцы
Аляксандра Момінава — былая салістка Брэсцкай філармоніі і выкладчыца Брэсцкага музычнага каледжа. У пачатку сакавіка яна пакінула Беларусь з трыма дзецьмі і 500 далярамі ў кішэні, і цяпер спешна шукае жыллё.
05.04.2024 / 19:06
Фота: асабісты архіў Аляксандры Момінавай
Аляксандра прыехала з дзецьмі ў Польшчу ў ноч на 2 сакавіка. Спачатку спрабавала ўладкавацца ў Варшаве:
«Мела 500 даляраў, калі мы выехалі, змагла аплаціць хостэл, але на яго сышло 300 даляраў, бо нас чацвёра. Прыстроілася прыбіральшчыцай у грумерскі салон, амаль знайшла іншую працу. Але скончыліся грошы, і тое, што я магла зарабіць, не пакрывала выдаткаў на жыццё».
Рэшта сродкаў пайшла на білеты на цягнік, і жанчына з дзецьмі прыехала ва Уроцлаў. Там ёсць гуманітарнае жыллё для палітычных уцекачоў з Беларусі, і Аляксандры з дзецьмі далі магчымасць там пажыць месяц. За гэты час яна мусіла знайсці працу і новае жыллё, але не атрымалася: трэба было ў той жа час афармляць дакументы, шукаць школу для дзяцей.
Зрэшты, пэўную працу яна адшукала:
«Знайшла арганізацыю, якая праводзіць музычныя заняткі з украінскімі дзеткамі з дзіцячага дома, хутка змагу іх праводзіць. Сустрэла беларуску, якая працуе арганісткай у касцёле, хачу з ёй зрабіць сумесную праграму. Таксама звязалася з [оперным спеваком] Іллём Сільчуковым, і ён параіў прайсці праслухоўванне ў оперны тэатр ва Уроцлаве».
Фота: асабісты архіў Аляксандры Момінавай
Беларуска ўсё яшчэ шукае кватэру. Праблема не толькі ў недахопе часу, але і ў тым, што жанчыне з трыма дзецьмі не вельмі хочуць здаваць кватэру, тым больш пакуль яна не мае працоўнай дамовы. Вызваліць цяперашнюю кватэру Аляксандру папрасілі ў бліжэйшыя дні.
У 2020-м жанчына выступала супраць гвалту — удзельнічала ў пратэстах, падпісала петыцыю працаўнікоў культуры супраць здзекаў з палітвязняў.
«Калі пачалася вайна ва Украіне, я яшчэ працавала салісткай у філармоніі, але звольнілася адтуль з-за сваіх поглядаў. Усю вясну ў нас былі канцэрты «Песні перамогі», і ў сакавіку я напісала заяву на звальненне, проста не магла спяваць.
Мяне ніхто не зразумеў, а я тлумачыла: маю камяк у горле, калі сазвоньваюся са сваёй сяброўкай ва Украіне, яна сядзіць у падвале і я чую, як вакол яе ляцяць снарады. Мы з сяброўкай проста разам плакалі ў трубку. Украіна — адна з самых прыгожых краін, адзіная, куды я магла дазволіць сабе па грошах звазіць дзяцей на мора. І калі я бачыла, як бамбяць нашу любімую Затоку, у мяне сэрца крывёй аблівалася».
Восенню 2023-га Аляксандру выклікалі ў міліцыю, бо на яе была заведзеная адміністрацыйная справа. У жанчыны было два акаўнты ў інстаграме, і сілавікі знайшлі той, якім яна не карысталася. Сярод соцень падпісак там засталіся падпіскі на «Белсат» і «Люстэрка», да іх і былі прэтэнзіі ў міліцыі. І яшчэ да суда ў каледж, дзе жанчына працавала 21 год, прыйшла папера пра заведзеную адміністратыўку, з-за якой яе мусілі звольніць.
Фота: асабісты архіў Аляксандры Момінавай
Але на гэтым усё не скончылася:
«Адбыўся суд, мне прысудзілі штраф у 15 базавых велічынь (555 рублёў), і праз некалькі дзён мяне проста з працы выклікалі ў пракуратуру, павінна была ісці туды з заняткаў. Там правялі размову — маўляў, мне даведзена да ведама, што калі ў мяне знойдуць нешта яшчэ, мне будзе горш.
Ужо тады я зразумела, што тут не будзе жыцця ні мне, ні маім дзецям. Мая старэйшая дачка якраз заканчвала 11 класаў і мусіла паступаць, а цяпер на выпускнікоў для гэтага пішуць характарыстыкі, і там усё ведаюць [з якой сям’і чалавек]».
Жанчына мела растэрміноўку на штраф і аплаціла яго раней, чым скончыўся яе тэрмін, прадала частку мэблі з хаты. Аляксандры з дзецьмі хутка выдалі польскія гуманітарныя візы, і 28 лютага ёй зноў пазванілі з пракуратуры — папрасілі прыйсці «для высвятлення нейкіх абставінаў». Тады яна і вырашыла тэрмінова з’язджаць.
«У Беларусі цяпер вельмі сумна, людзі жывуць у страху, і я не ведаю, як у такіх абставінах працаваць творчым людзям. У мяне гэтыя гады апускаліся рукі, брала сябе за шкірку, каб далей жыць дзеля дзяцей. Па ўсіх кутках людзей пужаюць і прыціскаюць, не даюць дыхаць», — дзеліцца спявачка на развітанне.
Падтрымаць Аляксандру можна тут.
Чытайце таксама:
«Год знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі». Што робіцца з Марыяй Калеснікавай