Рудзік падвёў сумныя вынікі працы Каардынацыйнай рады: «Фарш у мясарубку назад не заматаеш»
Былы віцэ-спікер КР у сваім тэлеграме жорстка прайшоўся па эміграцыйнай ініцыятыве.
06.04.2024 / 11:53
Ян Рудзік у «Току». Фота: «Наша Ніва»
«З самога пачатку як бы планавалася, што КР стане альтэрнатыўным цэнтрам сілы і яна мела для гэтага ўсе магчымасці, неаднаразова аб гэтым пісаў. І рабіў усё магчымае, каб гэта зрабіць», — адзначае ён
На жаль, па словах Рудзіка, КР не стала цэнтрам сілы, спікер і іншыя НДАшнікі спрабавалі праз зліў КР заняць больш выгаднае месца ў ужо дзейнай экасістэме, але нічога не атрымалася.
«Пакуль спрабавалі, кастрыравалі КР цалкам. КР без Офіса прэзідэнткі цяпер не можа зрабіць нічога. І пасля выбараў новы склад не зможа. Бо фарш у мясарубку назад не заматаеш», — канстатуе Ян Рудзік.
Замест прэзідэнткі для ўзмацнення маглі б паспрабаваць наладзіць канэкт з Палком Каліноўскага. Але ж далей падпісання мемарандуму справа не зайшла, звяртае ўвагу ён.
«Франак да нас прыязджаў. Сварыліся, адзін іншага не разумеем, бачанне сітуацыі і будучыні татальна рознае. Але канэкт ёсць і размова ідзе: Офіс падтрымаў наш збор на FPV-дроны, дзякуючы ім, хутка сабралі. І самі хаця б і два дроны, але ж перадалі. Ад КР зацікаўленасці і крокаў: ноль», — дадае Рудзік.
«Спікер і архітэктар КР Ягораў замест ПКК выдумаў паставіць на шлюбных генералаў Сахашчыка і Пракоп'ева. Ну-ну. Поспехаў», — іранізуе экс-віцэ-спікер.
Што да будучых выбараў, то, на яго думку, таксама нічога добрага не дачакацца: «Цяпер КР шчыльна асацыюецца выключна з гендарнымі квотамі. Нашыя людзі кансерватыўныя (дзякуй Богу), яны такое не разумеюць».
«Нават самае відавочнае: нейкую супрацу з парламентамі краінаў ЕС і Украіны не выпрацавалі. З дэпутатамі ўзаемадзейнічаў толькі я, дагэтуль падтрымліваю кантант з польскімі ПіСаўцамі. Але ж гэта не дзякуючы КР», — дадае ён.
З плюсаў:
- Падчас выбараў спікера агучыў важныя тэзы, папулярызаваў кансерватыўна рэвалюцыйны і нацыяналістычны дыскурс з новых пляцовак.
- Хтосьці пакатаўся па Бруселях і Вашынгтонах, паглядзелі свет і патусаваліся.
- Магчыма, хтосьці дзякуючы КР знайшоў дадатковае фінансаванне для сваіх НДА. Але ж не факт.
Падсумоўваючы, Ян Рудзік ісці на выбары і ўвогуле марнаваць час «на гэтае шапіто» не раіць.
Ён кажа, што ПКК будзе развіваць «Шлях да волі» як дыялогавую і аб’яднаўчую пляцоўку.
«Калі не атрымліваецца ў грамадскіх актывістаў пабудаваць парламентарызм, яго прыйдзецца будаваць вайскоўцам. Поўнае адлюстраванне беларускага грамадства», — падсумоўвае ён.
Чытайце таксама:
У выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады будзе свой Лазавік
«Правядзенне выбараў непадрыхтаванае». Офіс Святланы Ціханоўскай раскрытыкаваў Каардынацыйную раду
Каардынацыйная рада апублікавала графік сваёй выбарчай кампаніі