Польскі генерал: Армія Лукашэнкі не нясе пагрозы. Пуцін пакінуў ім непрыдатныя танкі
Генерал Вальдэмар Скшыпчак, былы камандуючы Сухапутнымі войскамі ў Польшчы і былы намеснік міністра абароны, днямі заявіў, што польскім узброенным сілам спатрэбіцца 2-3 гадзіны, каб знішчыць беларускае войска, а беларускае ўзбраенне назваў «кучай металалому».
07.04.2024 / 21:33
У каментары Белсату ён патлумачыў свае словы.
Генерал Вальдэмар Скшыпчак, былы камандуючы Сухапутнымі войскамі ў Польшчы і былы намеснік міністра абароны. Скрын відэа Белсата
«Калі пачалася адкрытая фаза расійскай агрэсіі супраць Украіны, расейцы ў першай фазе панеслі вялікія страты ў вайсковая тэхніцы. Найперш страцілі танкі, баявыя машыны вайсковай пяхоты. Расейцы ў 2022 годзе мелі вялікі дэфіцыт і танкаў, і БМП.
І ў сувязі з гэтым Пуцін забраў у арміі Беларусі пэўную колькасць гэтых танкаў і баявых машын пяхоты, а затым пазбавіў беларускую армію магчымасці праводзіць якія заўгодна вайсковыя аперацыі. Пакінулі тыя танкі, што палічылі непрыдатнымі. І цяпер Лукашэнка за апошнія гады іх адрамантаваў і выслаў на палігоны, каб дэманстраваць сваю сілу, якой няма. А тое, што ездзіць па палігонах, не нясе ніякай пагрозы.
На тых палігонах было болей беларускіх генералаў, чым гэтых беларускіх танкаў. У Беларусі малая колькасць тэхнікі і яна нам не пагражае», — заявіў Скшыпчак.
Ён лічыць, што беларуская армія нясе пагрозу толькі для сваіх грамадзян.
Скшыпчак мяркуе, што Пуцін і Лукашэнка пакуль не адважацца напасці на НАТА.
«Я думаю, што вялікай вайны яшчэ доўга не будзе, бо расійская армія проста не гатовая да яе, яна загразла ў вайне ва Украіне», — патлумачыў ён.
І дадаў, што паколькі НАТА мае перавагу колькасную і тэхналагічную, то, калі б такая вайна з Расіяй пачалася, яна б пахавала імперыю Пуціна.
Што да польскага войска, то Скшыпчак адзначыў, што пасля 2022-га адбылася вялікая праграма пераўзбраення. Урад прызначыў 4% ад ВУП на падрыхтоўку арміі і яе мадэрнізацыю. Праблемай застаецца, як падрыхтаваць салдат.
Чытайце таксама: