Апублікаваная перапіска супрацоўніка ФСБ, які сачыў за беларусамі

Хто з беларусаў патрапіў у поле зроку?

08.04.2024 / 22:09

У распараджэнні выдання «Медуза» аказалася перапіска супрацоўніка ўпраўлення ФСБ па абароне канстытуцыйнага ладу Сяргея Дубава за перыяд са снежня 2007-га (тады ён яшчэ быў студэнтам) па красавік 2022 года.

Як сцвярджае выданне, кар'еру ў спецслужбе Дубаў пачаў з таго, што сачыў за «нацыянальнымі меншасцямі». Пад выглядам студэнта ці «зацікаўленага слухача» хлопец прыходзіў на мерапрыемствы, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай дыяспары. Ён не толькі слухаў іх выступленні, але і збіраў базу карысных кантактаў.

Сярод іх быў старшыня грамадскай арганізацыі «Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі» (ФНКА) Сяргей Кандыбовіч.

З перапіскі вынікае, што Кандыбовіч ведаў, што Дубаў працуе ў спецслужбе, і свядома дапамагаў.

Кандыбовіч шмат гадоў перасылаў яму сваю працоўную перапіску са знаёмымі беларусамі і ўзгадняў з ім тэксты сваіх выступаў аб узаемаадносінах дзвюх краін.

У адказ супрацоўнік ФСБ наракаў, што і ў Расіі, і ў Беларусі «прапагандуюцца еўрапейскія каштоўнасці», падкрэсліваў, што рускія і беларусы — гэта «адзін народ» і прасіў Кандыбовіча часцей публічна казаць аб «спробах нацыяналістычных сіл сфальсіфікаваць гістарычнае мінулае».

Сяргей Кандыбовіч. Фота: старонка Сяргея Кандыбовіча ў фэйсбуку

«Мая задача — не дапусціць размывання ідэі пабудовы Саюзнай дзяржавы», — цытуе выданне перапіску Дубава.

У сакавіку 2018-га Дубаў і Кандыбовіч узгаднілі тэкст паклёпу на польскага журналіста Томаша Мацейчука, які вызначаўся сваімі праўкраінскімі выступамі падчас ток-шоу на расійскіх каналах. Сам жа Дубаў на момант складання даносу меў заключэнне экспертызы допісаў Мацейчука ва «УКантакце». Спецыяліст, якая складала дакумент, таксама ўзгадняла тэкст з фээсбэшнікам.

У выніку праз некалькі месяцаў па расійскім адрасе Мацейчука прайшоў ператрус, а самому журналісту забаранілі ўезд у Расію.

Выданне адзначае, што Дубаў неаднойчы атрымліваў непасрэдна ад адміністрацыі «УКантакце» інфармацыю аб кантактах, якія яго цікавілі.

Да работы па «абароне» канстытуцыйнага ладу супрацоўнік ФСБ далучаў і іншых людзей, з якімі знаёміўся. Напрыклад, малавядомаму падмаскоўнаму журналісту Івану Анісімаву ён даручыў увайсці ў давер да беларуса Івана Сопава, які пад нікам «Генрых Ліцвін» быў адміністратарам такіх суполак «УКантакце», як «Гістарычныя і палітычныя спрэчкі» і «Балта-Чарнаморскі саюз».

«Зможаш яму сябрам стаць, спачатку шляхам перапіскі? Памацаць знутры гэтага шныра? Калі да іх падкрасціся, будзе шыкоўна», — цытуе выданне вытрымку з перапіскі Дубава з Анісімавым у студзені 2015-га.

Праўда, аперацыя хутка правалілася. Як прызнаўся ў адным з электронных лістоў Анісімаў, ён напіўся і стаў пісаць Сопаву розную лухту. У выніку яго забанілі. Але на вынік справы гэта не паўплывала. У маі 2016-га Сопаў быў затрыманы. Пазней яго ўключылі ў «пералік тэрарыстаў і экстрэмістаў», але затым выключылі.

Чытайце яшчэ:

Расійская разведка вырашыла пагуляцца ў «Ніка і Майка». Апублікаваныя «сакрэтныя данясенні» яе агентаў

«Слова пацана» і іншыя расійскія хіты здымалі ў рамках падтрымкі Пуціна на выбарах

Крэмль разаслаў музычным прадзюсарам новы чорны спіс расійскіх музыкаў. Іх ажно паўсотні

Nashaniva.com