Мінкульт Беларусі аднёс да парнаграфіі дэманстрацыю нетрадыцыйных адносін

Міністэрства культуры ўнесла змены ў інструкцыю, якая рэгламентуе выпуск, пракат, продаж і рэкламу эратычнай прадукцыі і тавараў сэксуальнага прызначэння. Цяпер дэманстрацыя нетрадыцыйных адносін аднесена да парнаграфіі. Што лічыцца нетрадыцыйнымі адносінамі, Мінкульт таксама вызначыў.

11.04.2024 / 08:37

Міністэрства культуры Беларусі аднесла наўмысную дэманстрацыю нетрадыцыйных палавых адносін і палавых паводзін да парнаграфіі, распаўсюджванне якой забаронена.

Што Мінкульт кваліфікуе як нетрадыцыйныя палавыя адносіны? 

Згодна з дакументам, пад гэтым маецца на ўвазе гомасэксуалізм, лесбійскія і бісексуальныя адносіны, паліаморыя, педафілія, заафілія, некрафілія, садызм, мазахізм, вуаерызм (падглядвання за аголенымі людзьмі і (або) людзьмі, якія ўступілі ў сэксуальныя адносіны), эксгібіцыянізм, фетышысцкі трансвестызм (надзяванне адзення супрацьлеглага полу, каб дамагчыся палавога ўзбуджэння), а таксама транссэксуалізм («жаданне жыць і ўспрымацца навакольнымі як асоба супрацьлеглага полу, звычайна суправаджаецца адчуваннем дыскамфорту ад свайго анатамічнага полу або пачуццём недарэчнасці сваёй палавой прыналежнасці»).

Педафілію Мінкульт трактуе як сэксуальныя адносіны паміж людзьмі, адзін з якіх не дасягнуў узросту 18 гадоў, хаця ўзрост сэксуальнай згоды ў Беларусі — 16 гадоў.

Пастанова набудзе моц 12 красавіка.

Чытайце таксама:

Чытайце таксама:

Мы назіраем, як у Расіі з ЛГБТ робяць такі ж страх, які нацысты рабілі з яўрэяў. Што гэта азначае для беларусаў

Вярхоўны суд Расіі абвясціў «рух ЛГБТ» экстрэмісцкай арганізацыяй

Гамафобны трэш у Расіі: старонку гурта «Тату» прыкрылі, а папулярнаму мульціку паставілі маркіроўку «ад 18 гадоў»

Nashaniva.com