Хто той губазікавец, які, меркавана, збіваў палітзняволеную Кацярыну Новікаву пасля затрымання

Учора быў апублікаваны ліст палітзняволенай Кацярыны Новікавай, у якім яна назвала меркаванае імя сілавіка, які яе біў: Іван Васілевіч. Гэта намеснік Артура Гайко ў адным з аддзелаў ГУБАЗіК.

13.04.2024 / 07:00

Іван Васілевіч. Фота з базы «Кіберпартызанаў»

Івану Васілевічу 32 гады. Вядома пра яго няшмат. Раней ён працаваў операм у Мінскім аддзеле ўнутраных справаў на транспарце, якое падпарадкоўваецца ГУУС Мінгарвыканкама.

Пасля прыйшоў у ГУБАЗіК. Працуе ў 3-м упраўленні, якім кіруе Міхаіл Бедункевіч. Па звестках кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава, на 2021-ы Васілевіч працаваў старшым операм у новаствораным 5-м (тылавым) аддзеле і меў званне маёра міліцыі.

Але ў запісах па кантактных кнігах у іншых людзей пасля 2021-га мужчына падпісаны як «Іван намеснік Гайко» і «Васілевіч Іван 6-ы аддзел 3-га ўпраўлення».

Можна дапусціць, што 6-ы аддзел і ўзначальвае Артур Гайко, а Васілевіч ягоны намеснік, бо Аляксандр Азараў кажа, што калі такі аддзел існуе, то ён створаны пасля 2021-га. Артур Гайко ўпершыню прэзентаваўся як кіраўнік нейкага з аддзелаў ГУБАЗіК акурат у 2022-м. 

Іван Васілевіч. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»

Мэты і задачы аддзела, намеснікам кіраўніка якога з'яўляецца Васілевіч, таксама невядомыя, але, мяркуючы па тым, што Гайко сачыў за публікацыямі пра Дзень Волі за мяжой, а палітзняволеную Новікаву затрымлівалі за інтэрнэт-актыўнасць, можна выказаць здагадку, што аддзел займаецца сачэннем за актыўнасцю беларусаў у сацсетках, у тым ліку ў замежжы.

У тэлеграме мужчына акурат падпісаны на шэраг пратэсных групаў, сярод якіх, да прыкладу, суполкі беларускіх анархістаў і беларусаў замежжа.

Суполкі, у якіх заўважаны Васілевіч

Каментароў ён амаль не пакідаў, адзіны вядомы — ухваленне падаўлення пратэстаў у Казахстане.

Каментар Васілевіча пад відэа высадкі «міратворцаў АДКБ», якія высадзіліся для падаўлення бунту ў Казахстане

Нагадаем, учора быў апублікаваны ліст, які палітзняволеная Кацярына Новікава здолела перадаць з-за кратаў. Вось, што яна ў ім напісала:

«Пры затрыманні мяне біў супрацоўнік ГУБАЗіК Іван Васілевіч, пасля прывезлі на Рэвалюцыйную, 3 (галоўны будынак ГУБАЗіК) і ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам. Сказалі, што за мае інтэрв'ю, канал і мае пісьмовыя звароты».

Палітзняволеную Кацярыну Новікаву затрымалі ў пачатку лета 2023 года і прысудзілі шэсць з паловай гадоў зняволення па ч. 3 артыкула 130 КК («распальванне варожасці або варажнечы») і па ч. 3 артыкула 203-1 («незаконныя дзеянні адносна персанальных звестак»).

Чытайце таксама:

«Білі ўсім кабінетам». Палітзняволеная перадала ліст на кавалку туалетнай паперы пра катаванні

Мы ідэнтыфікавалі аднаго з губазікаўцаў, які запісвае відэа з затрыманымі. Што пра яго вядома?

Распавядаем, якія даныя з ЧКБ маглі трапіць да сілавікоў, што рабіць, калі вы туды пісалі, і як гарантаваць бяспеку, калі пішаце ў боты

Nashaniva.com