Дзікавіцкі: Па-людску разумею рыторыку Рамашэўскай. Але я б сышоў спакайней
Новы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі расказаў, ці падтрымлівае кантакт са сваёй папярэдніцай Агнешкай Рамашэўскай-Гузы, якую звольнілі пасля 17 гадоў працы.
13.04.2024 / 10:09
«НН»: Ці працягваеце вы кантактаваць з экс-дырэктаркай, спадарыняй Агнешкай Рамашэўскай-Гузы? Яна вам неяк дапамагае?
АД: Гэта складаны перыяд для ўсіх, для яе таксама. Раптам застацца без справы, якую ты стварала столькі гадоў… Гэта цяжка. Але мы ў кантакце, так.
Спадзяюся, калі звярнуся па параду, не адмовіць. Мы надта шмат гадоў вельмі блізка камунікавалі. Я прыйшоў, калі да старту канала быў яшчэ год. Спачатку існавала толькі тэлевізійная рэдакцыя, праграма «Аб’ектыў», дзе было 10 чалавек. Потым усё разраслося да студыі, дадатковых публіцыстычных праграм, парталаў — і ўсё гэта стваралася разам.
«НН»: А вам не крыўдна было, калі, каментуючы ваша прызначэнне, яна ў тым ліку сказала: «Мне ўсё роўна, хто будзе забіваць «Белсат»?
АД: Не. Я ўвогуле стараюся не крыўдзіцца. Не будзем заглыбляцца ў філасофію, але гэта, паводле мяне, пачуццё не вартае таго, каб яго насіць у сабе. Агулам я разумею яе эмоцыі.
«НН»: У выніку атрымалася, што канал працягвае існаваць, ён «не забіты». Чаму тады так прасоўвалася думка — калі без спадарыні Агнешкі, то ўсё загіне?
АД: Спадарыня Агнешка — яркая і выбітная асоба. Гэта такі лідар, вакол якога непазбежна ствараецца такі арэол. Прычым ён узнік заслужана. «Белсат» = Рамашэўская, так заўсёды было ў Польшчы і ёсць. Гэта чалавек, які меў і мае салідныя ўплывы і прабіўныя здольнасці. Яна ўсе гэтыя гады прадстаўляла канал на польскім медыярынку, у палітычных сферах.
Акрамя таго, шмат разоў, калі ў нас былі праблемы з бюджэтам (ды і не толькі), менавіта рысы характару Агнешкі дапамаглі выйсці нам з гэтых крызісаў. Таму такі арэол і заслужаны.
«НН»: Пры ўсёй павазе да зробленага, вам не падаецца, што рыторыка «Што значыць, мне хопіць кіраваць?» падобная да таго, чым кіруецца Лукашэнка з яго сінімі пальцамі ва ўтрыманні ўлады?
АД: Пра гэта лепш запытацца ў самой спадарыні дырэктаркі: чаму яна так кажа. Я разумею гэта па-чалавечы. Ну бо калі нешта працуе добра, дык падаецца, няма прычынаў для зменаў.
Але я адкажу, што б гэта для мяне значыла — калі б аказалася, што заўтра мяне звальняюць. Ясна, што мне было б прыкра: столькі сілаў укладзена — гэта нават не добрая частка жыцця за апошнія 18 гадоў, гэта практычна ўсё жыццё. Але я дарос да такога стаўлення да сітуацыі навокал, да свету, што, мне падаецца, адышоў бы ад спраў спакойна і з чыстым сумленнем. Бо, будучы тут, я зрабіў столькі, колькі мог зрабіць. Кабала якраз вучыць: зрабі ўсё, што ты можаш, і супакойся, рэшта ад цябе не залежыць. Таму я б сышоў спакайней.