Грамадства4646

«Што значыць, што мне хопіць кіраваць?» Былая кіраўніца «Белсата» расказала, чаму яшчэ не гатовая пакінуць канал

Агнешку Рамашэўску-Гузы пасля 17 год кіравання «Белсатам» звольнілі з пасады дырэктаркі. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» яна расказала, чаму збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе, што думае пра новага кіраўніка тэлеканала і чаму лічыць, што яшчэ не час пакідаць праект.

Агнешка Рамашэўска-Гузы

— Звольніць з працы чалавека паводле закона не так і проста. Як кіраўніцтва TVP патлумачыла Вам сваё рашэнне?

— Яны вельмі моцна намагаліся, каб я сышла сама. Увесь учорашні вечар і палову дня сёння яны спрабавалі мяне пераканаць. Я ўжо амаль паддалася, бо залатыя горы, якія яны абяцалі мне ў выпадку сыходу, былі вельмі спакушальныя. Але пасля я прачытала тэкст дамовы і там было напісана, што я пагаджаюся з забаронай тры гады выказвацца публічна пра Польскае тэлебачанне, як і пра палітыку наконт «Белсата». Я адказала ім, што для мяне гэта непрымальна і што я маю намер выказвацца ўжо сёння.

Яны думалі над гэтым, быў перапынак у сустрэчах. Праз некалькі гадзін мы ізноў сустрэліся і яны скрэслілі з дамовы забарону на 3 гады і пакінулі 1 год. Я ізноў адказала, што мяне гэта не задавальняе. Тады яны дасталі дакумент пра заканчэнне супрацоўніцтва без згоды бакоў.

Прычына звальнення была наступная: адсутнасць належнага дбання пра дабро працадаўцы і ягонае добрае імя. Другое: адмова ад даручэнняў працадаўцы наконт прывядзення дзейнасці «Белсата» паводле выдаткаваных фінансавых сродкаў з дзяржаўнага бюджэту. Гэта, калі казаць далікатна, хлусня, бо я сёння ўпершыню бачыла спадара Даніэля Горгаша (фармальнага кіраўніка TVP — РС). Ані праз емэйл, ані асабіста, я не мела ад яго ніякіх даручэнняў. Наколькі я разумею, ён перадаваў мне даручэнні тэлепатычна.

Бо звычайна я атрымліваю паведамленні, што ёсьць такі і такі бюджэт, што вы яго настолькі перакрочылі. У гэтым выпадку нічога падобнага не было. Мы дзейнічаем паводле правілаў, паводле ўступнага бюджэту, які быў і летась — гэта 75 млн злотых. Ён абавязвае паўгода. Нічога іншага мне ніхто не сказаў. Звычайна такія рэчы робяцца праз фінансавы аддзел. Гэтага не было. І ў выніку гэтага аднабакова спынілі дамову. То-бок, гэта не дысцыплінарнае звальненне, бо там нават блізка не было за што.

— А вы маеце намер абскарджваць гэтае рашэнне?

— Так. Паводле закону, у мяне ёсць 21 дзень, каб абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе і, вядома ж, я гэта зраблю. Але, на жаль, гэта вельмі доўгая працэдура. Іх дакумент вельмі слабенькі. Я не магу адмовіцца ад права выказвацца пра «Белсат», бо я яго стварыла менавіта дзякуючы таму, што я выказвалася. І так ён працаваў усе гэтыя гады і даў рады. Я не магу ім прадаць гэтае права і прыкідвацца, што ўсё добра. Змяншэнне бюджэту вельмі жорсткае і я не разумею, чаму.

— То-бок фармальна бюджэт «Белсата» застаецца на ўзроўні 75 млн, як і летась?

— Пакуль так. Мне нічога невядома пра тое, што ўступіў нейкі іншы. Толькі са СМІ я ведала, што МЗС збіраецца нам даць 40 млн і што, магчыма, чарговыя 14 млн мы можам атрымаць ад TVP World. Я так і меркавала, што расейскамоўная частка будзе перанесеная ў TVP World.

Але я і далей лічу, што «Белсат» — гэта мультымедыйная платформа і яе каштоўнасць у цяперашняй палітычнай сітуацыі ў рэгіёне ў тым, што яна шматмоўная і мультымедыйная: для беларускай, расейскай, украінскай аўдыторый.

Стрыжань быў беларускі. Але праблема ў тым, што яго не ўтрымаць за 40 млн, бо ёсць пастаянныя выдаткі і яны выраслі. І калі камусьці давядзецца прымаць кепскія рашэнні ў справе «Белсата», то прынамсі добра, што гэта буду не я. Хаця я не магу сказаць, што радуюся з гэтай нагоды.

— То-бок, гэта давядзецца рабіць вашаму былому намесніку Аляксею Дзікавіцкаму?

— Так вынікае з заявы Польскага тэлебачання. Наколькі я зразумела, афіцыйна з ім пакуль не размаўлялі, але цікаваліся ўступна, ці пагодзіцца ён на гэтую пасаду. Але няхай ён сам расказвае пра сваё рашэнне. Дапускаю, што ён кіраваўся логікай, што лепш, каб нехта быў знутры «Белсату», чым чужы. Ён пытаўся ў мяне, што я думаю на гэты конт. Я яму шчыра адказала, што мне ўсё роўна, хто будзе забіваць «Белсат» за гэтыя прапанаваныя 40 мільёнаў. Не важна, свой ці чужы.

— А як вы ацэньваеце тое, што гэтую пасаду заняў Аляксей Дзікавіцкі?

— Найперш я хачу сказаць, што кепска ацэньваю сваё звальненне. Для гэтага няма ніякай прычыны. Я 17 год кіравала гэтым праектам з вялікімі поспехамі. Я не бачу прычыны каментаваць наступніка. Я кепска ўспрымаю той факт, што мяне звольнілі.

— Ці праўда, што пасля таго, як вы агучылі інфармацыю пра сваё звальненне, частка супрацоўнікаў канала накіравалася ў офіс кіраўніка тэлебачання?

— Так, такое было, я бачыла відэа. Калі яны даведаліся, то вырашылі адразу ісці, гэта 9 паверх. Але іх спынілі. Прыйшоў адміністратыўны дырэктар: «Мы справіліся з дэпутатамі, якія прыходзілі сюды пратэставаць, справімся і з «Белсатам».

— Чаму вы лічыце, што меншы бюджэт гэта адразу ліквідацыя? Нешта можна скараціць, недзе ашчадзіць. Гэта ж усё роўна вялікая сума.

— Я кажу пра ліквідацыю фігуральна. 16 год тэлеканал развіваецца. Яшчэ не было аніводнага года, каб бюджэт «Белсата» быў меншы, чым папярэдні. І не было аніводнага года, каб канал не рабіў больш, чым годам раней. Праца з такой установай гэта як язда на ровары — нельга спыняцца, а ехаць назад вельмі складана. Менавіта таму я лічу, што гэта смяротна небяспечная справа.

Зразумела, што нават меншы бюджэт не значыць, што канал закрыюць. Але чаму «Белсат» павінен быць задаволены меншымі сродкамі? Гэта так не працуе. Прабачце мне, але гэта беларускі падыход — хопіць і менш. Мы збудавалі нешта вялікае і развівалі гэты праект. Таму падыход, што ён павінен развівацца, павінен быць фундаментам нашай працы. Я неаднаразова перакрочвала бюджэт, які нам давалі, і ставіла сябе на мяжу звальнення. Я гэта рабіла напярэдадні «беларускай рэвалюцыі», у 2020 годзе. Потым пачалася вайна і выявілася, што мы мелі рацыю, што трэба было гэты праект развіваць. Мы адкрылі расейскамоўны аддзел і калі пачалася вайна, то стала відавочна — мы зрабілі слушна. Мы развівалі сацыяльныя сеткі.

Я адчула, што ў Беларусі нешта адбудзецца, яшчэ ў 2019 годзе, калі адбывалася пахаванне Кастуся Каліноўскага. Вы думаеце, што нехта з палітыкаў і чыноўнікаў у Польшчы тады разумеў, што набліжаецца нешта грандыёзнае? І блізка не. А я хадзіла і пераконвала іх. Я гэта бачыла па актыўнасці людзей, праз ютуб, сацсеткі. А цяпер ідзе вайна і яны змяншаюць сродкі. Для МЗС, а тым больш бюджэту, гэта кішэнныя грошы, гэта нішто. Дык навошта ставіць пад пытанне гэты праект?

— У заяве TVP ёсць словы, што беларускага кіраўніка жадала і беларуская апазіцыя. Ці вядома Вам, што былі нейкія перамовы з апазіцыяй наконт новага дырэктара канала?

— Наколькі мне вядома, так. Нібыта гэтым займаўся прэс-сакратар МЗС, што не да канца адпавядае яго задачам. Мне вядома, што некаторым людзям прапаноўвалі ўзначаліць «Белсат», нават ведаю каму. Але я не буду казаць публічна пра гэта. Ведаю, што некалькі чалавек адмовіліся.

— Вы кіравалі «Белсатам» 17 год. Магчыма, і сапраўды надышоў час перадаць стырно іншым? Так лічыць нямала людзей.

— Няхай лічаць, і што?

— Прыйдзе іншая асоба і прынясе трохі свежага паветра.

— Баюся, што за такія сродкі немагчыма будзе ўнесці нават свежага паветра. Мой досвед навучыў мяне, што без грошай нельга будзе нічога зрабіць. Нават «свежае паветра» каштуе грошай. І што значыць, што мне хопіць кіраваць? Калі б я была ўпэўненая, што «Белсат» мае гарантаваную будучыню, то я б схілялася да таго, каб сысці добраахвотна. Я магла б задумацца. Але я бачу, якая перспектыва.

З іншага боку, а што, я была калісьці супраць зменаў? Прабачце, але гэта акурат я была галоўным рухавіком зменаў на нашым канале. Мяне вельмі складана абвінаваціць у тым, што я адмаўлялася нешта змяняць. Зразумела, што надыходзіць час для кожнага сыходзіць. Але я не разумею, чаму менавіта цяпер?

— Ці можа быць прычынай тое, што ў Польшчы ўрад, які вы крытыкавалі? Не сакрэт, што вам бліжэй да кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць».

— Пакуль у Польшчы няма такіх правілаў, якія б дазвалялі выкінуць кагосьці з працы за тое, што ў яго няслушныя погляды. Мяне складана абвінаваціць у тым, што я займалася прапагандай. Я ніколі не выказвалася ў перадачах іншых каналаў TVP. Наадварот, я іх крытыкавала. Так, у мяне ёсць свае погляды. Яны ёсць у кожнага. Але ніхто мяне не абвінаваціць у тым, што я парушала журналісцкія стандарты. Я супраць таго, каб звальняць людзей за погляды.

Апрача таго, я кіравала «Белсатам» 17 год. За гэты час змяняліся розныя ўрады і неяк жа мы жылі. Радаслаў Сікорскі ўжо быў міністрам і я з ім працавала. А што, лепш было з чарговым урадам? Яны ж увогуле хацелі нас зачыніць. Я лічу, што за сваё жыццё, усёй сваёй дзейнасцю я зарабіла сабе права выказвацца наконт сваёй краіны. Але прызнаюся, што апошнім часам я рабіла гэта вельмі ашчадна, каб нікога не нерваваць. Але, наколькі я разумею, цяпер у мяне будзе яшчэ больш свабоды.

— Дарэчы, а чым плануеце цяпер займацца?

— Не маю паняцця. Я жыву «Белсатам», дзень і ноч. Тут мае сябры, калегі. Штосьці буду рабіць.

— А верыце ў тое, што можаце вярнуцца?

— Усялякае бывае. Першы раз мяне звольнілі з Польскага тэлебачання 22 гады таму. Потым вярнулі. 15 год таму, акурат у гэтыя ж дні, мяне звольнілі ў чарговы раз. Спадзяюся, што нехта возьмецца за розум. «Белсат» — гэта суперважны праект.

Каментары46

  • Хороший белорус
    12.03.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Цікава
    12.03.2024
    "Я неаднаразова перакрочвала бюджэт, які нам давалі, і ставіла сябе на мяжу звальнення. Я гэта рабіла напярэдадні «беларускай рэвалюцыі», у 2020 годзе".

    Цікава. Не падчас рэвалюцыі, а напярэдадні, то бок падчас выбарчай кампаніі некаторых асоб.
  • Коверда
    12.03.2024
    Понятно что она такого золотого места уже не найдёт и долбится за бабки. Если что в суде будет гнуть на возраст и дискриминацию по половому признаку, и скорее всего оторвёт более жирную компетенцию по уходу. Но её не оставят, она пошла против системы, а это не прощают.

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек2

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

Аляксей Лявончык пра фільм на АНТ: Нашу базу ніхто не ўзломваў6

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»18

Гігін: Мы павінны любіць і абараняць свой герб, сцяг, гімн, Лукашэнку — тады нас будуць паважаць у свеце24

У Гродне п'яны кіроўца маршруткі вёз 13 пасажыраў

Украіна ўпершыню правяла атаку выключна з выкарыстаннем рабатызаваных сістэм

«Камунарка» выпусціла шакалад з начынкай з аліўе ФОТАФАКТ15

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла69

«І тут лінолеум заіскрыў». Касяк пры мантажы ацяплення знішчыў дзіцячы пакой2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек2

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек

Галоўнае
Усе навіны →