Наста Кудасава. Жураўлі павяртаюцца, а ты — не. Верш

Паэтка Наста Кудасава апублікавала ў фэйсбуку новы верш.

13.04.2024 / 17:02

***

Жураўлі павяртаюцца, а ты — не.
Сцісні дзюбу, бяскрылы бядак.
Пах зямлі неадольна ўспамінам тне
І заве, абрынаючы дах.

Вымяраць урачыстай хадой палі,
Кратаць глебу танклявай нагой
Прылятаюць свабодныя жураўлі,
А не ты, недарэчны ізгой.

 

Ты загнаны бы ў кут, але без кута.
Адзіноту глыбей удыхні…
Можа, сэрца, якое ты кінуў там,
Прарасце з-пад аплаканых ніў.

вясна 2024

Nashaniva.com