Вольга Лойка адказала Халезіну: «Гэта не працуе» — забівае. Думайце, што працуе, і спрабуйце паўтарыць
Былая палітзняволеная, журналістка Вольга Лойка адрэагавала на інтэрв'ю Мікалая Халезіна «Нашай Ніве».
18.04.2024 / 15:51
«Вось на днях высветлілася, што я яшчэ няправільна спадзявалася. Спадар Халезін прайшоўся па ўсім «няправільным» Тутбаі, не забыўшыся згадаць асабіста.
«І таму я так абурыўся, напрыклад, інтэрв'ю Лойкі. Гэта дзіўная пазіцыя, дзе гаворыцца пра тое, што я сяджу ў турме і хтосьці павінен быў па мне весці эфектыўныя перамовы. «Вось калі б быў Зісер, ён бы вырашыў». Гэта не так працуе, ніхто б цяпер не дамовіўся. Адзінае, чаго ўдалося дамагчыся — гэта міждзяржаўныя перамовы. Абарона сваіх грамадзян — гэта абавязак краіны, таму Швейцарыя нават магла ўручыць даверчыя граматы, каб вызваліць сваю грамадзянку».
А яшчэ Тутбай — «пошта», і навінавая «квазі-стужка», «якая нібыта давала навіны, але не ўсе, таму што цэлы шэраг тэм быў закрыты».
Абясцэніць канкурэнта — нармальная практыка. Але Зісер памёр, а Золатава і Чэкіна атрымалі па 12 гадоў калоніі. Атрымалі — за сваю працу, сваю пазіцыю, свой маштаб уплыву. Праз Акрэсціна і СІЗА прайшлі 15 супрацоўнікаў кампаніі, праз допыты, пагрозы і страшныя намёкі — дзясяткі. Пасля ўсяго гэтага самы час паспяховаму тэатральнаму дзеячу размазаць Тутбай як «прадукт канфармізму». Хоць і «эканамічна правільна выбудаваны». І на тым дзякуй.
Засталося апраўдвацца за «няправільныя» надзеі. Якіх, дарэчы, за кратамі не тое каб у лішку. Спадзяюцца на сваіх прэзідэнтаў (уладальнікі іншых пашпартоў), на УСУ, на Бога, ды на адчайную упартасць блізкіх. Быў бы падчас майго сядзення жывы Юрый Анатольевіч [Зісер] — быць і яму побач з УСУ і Богам, ну даруйце.
Так, сапраўды вельмі дзіўная пазіцыя — спадзявацца, што для твайго выратавання нешта зробяць. Як зрабілі ў іншых паспяховых карпаратыўных кейсах, дзе беларусы і без замежных пашпартоў выйшлі на волю. Памятаеце, былі гісторыі PandaDoc, «Прэс-клуба», «21-га стагоддзя»? Усе сядзельцы — памятаюць. І спадзяюцца, што будуць і яшчэ.
І хочацца, каб надзея не памерла ў тых, хто сядзіць. Хай вераць у Дуду, Байдэна, Добкіна, Зяленскага, Ціханоўскую, правільна гэта ці не.
«Гэта не працуе» — забівае. Думайце, што працуе, спрабуйце паўтарыць», — напісала Вольга Лойка.
Вольга Лойка: Хто мог бы весці перамовы па палітвязнях? Трэба шукаць выхад на ўмоўнага Абрамовіча
Вольга Лойка расказала, як здымалася для прапагандысцкага фільма пра Tut.by