Нашто Абельская пайшла ў сенатары? Распыталі яе інфармаваных калег

Суразмоўцы з мінскіх медыцынскіх колаў высунулі нетрывіяльныя версіі аб прычынах з'яўлення Ірыны Абельскай у складзе Савета Рэспублікі.

22.04.2024 / 16:53

Ірына Абельская

Ірына Абельская, вядомая як мама Колі Лукашэнкі, сёлета села ў бежавае крэсла сенатара — пасады без адказнасці, але са статусам і з прасторай для наладжвання сувязяў і вырашэння пытанняў. 

Навошта? Для чаго? У мінскіх медыцынскіх колах склаліся версіі на падставе ўласнага аналізу. Перадаем. 

«Сітуацыя такая, што Абельская — фактычна, паралельны міністр аховы здароўя. Калі нешта не атрымліваецца вырашыць з міністрам, ідуць да яе. І калі з ёй дамовіўся, ужо ніхто не ўказ. Я кажу пра камерцыйныя рэчы.

І хаця яна цяпер і не ў зоне рызыкі, але ў гісторыі ўжо былі моманты апалы, калі крэатура Абельскай — экс-міністр Васіль Жарко страціў пасаду», — кажа адзін са знакамітых дзеячаў медыцынскай сферы, які зблізку назірае за дзейнасцю Абельскай.

Статус члена Савета Рэспублікі не дае абсалютнай гарантыі бяспекі, але ўскладняе працэдуру прыцягнення да адказнасці — затрымаць сенатара могуць толькі з папярэдняй згоды яго калег. Выключэнне — для падазраваных у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства.

Меркаванне іншага інфармаванага доктара пайшло ў іншы бок: 

«Я думаю, што ў бліжэйшай будучыні Лукашэнка будзе выводзіць Абельскую на нейкую палітычна-адміністрацыйную пазіцыю.

Ён цяпер наверх цягне толькі самых лаяльных, а тут іх сам лёс разам звёў. Яна ж як маці разумее, што цяпер лёс яе сына залежыць ад лёсу бацькі. 

Але пакуль Абельская да палітычнай ролі і сама не гатова, і народ яе ўсё ж ведае слаба, калі не ўлічваць аўдыторыю пратэсных СМІ і пацыентаў лечкамісіі. Думаю, задача — спрацаваць яе з Качанавай. Прымільгаецца на публіцы, натрэніруецца, а пад канец сенатарскай кадэнцыі ці недзе ў яе сярэдзіне можна даць ёй адказную пасаду», — сказаў іншы наш суразмоўца.

Дзед Колі Лукашэнкі быў палітвязнем — атрымаў 25 гадоў ГУЛАГа за дапамогу «бандэраўцам»

Стала вядома, хто тая загадкавая брунетка ў чырвонай сукенцы, якая суправаджала Абельскую ў Зімбабвэ

Якія рэчы мы знайшлі ў гардэробе Ірыны Абельскай

Nashaniva.com