Мэрам Наваполацка стаў былы намеснік Карпянкова. Што вядома пра Ігара Бурмістрава?

Старшынёй Наваполацкага гарвыканкама стаў 55-гадовы Ігар Бурмістраў. Апошняя яго пасада — першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС.

22.04.2024 / 13:15

Ігар Бурмістраў

Кіраваць Наваполацкам зноў прызначылі сілавіка. Раней пасаду займаў кадэбіст Дзмітрый Дзямідаў, якога перавялі ў Віцебск кіраваць абласным саветам дэпутатам.

На яго месца стаў 55-гадовы генерал-маёр Ігар Бурмістраў, які рабіў кар’еру ва ўнутраных войсках. Некалі ён быў камандзірам вайсковай часці №5530 унутраных войскаў МУС у Полацку, таму мае дачыненне да рэгіёну.

У 2008-2014 Бурмістраў узначальваў спецназ у Гомелі (в/ч №5525) і шостую асобную спецыяльную мінскую міліцэйскую брыгаду ўнутраных войскаў (в/ч №5448).

Пасля быў першым намеснікам начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўнутраных войскаў, намеснікам камандуючага ўнутранымі войскамі.

У 2018 Бурмістраў стаў першым намеснікам камандуючага ўнутранымі войскамі МУС. Працаваў пад кіраўніцтвам Мікалая Карпянкова.

За датычнасць да разгону пратэстаў-2020 унесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза.

У верасні 2023 года Ігар Бурмістраў быў звольнены ў адстаўку па ўзросце.

Краіна два месяцы без кіраўніка АП. Аказваецца — можна жыць. Але чаму Лукашэнка не прызначае новага?

Што вядома пра Уладзіміра Пярцова, які стаў галоўным ідэолагам Беларусі

Nashaniva.com