У Дуброўне знайшліся сілавікі-экстрасэнсы. Яны «выкрылі» экстрэмісцкі рэпост за тры дні да таго, як ён быў зроблены

Сілавікі так захапіліся канвеерам рэпрэсій, што нарабілі памылак.

29.04.2024 / 09:15

Андрэй Марачоў. Фота: «Дняпроўская праўда»

У банку судовых рашэнняў нядаўна быў апублікаваны кур'ёзны пратакол. Ён тычыцца жыхара Дуброўна, 50-гадовага Андрэя Марачова. Згодна са звесткамі з адкрытых крыніц, ён працуе інжынерам-механікам на Дубровенскім ільнозаводзе. Мы ўжо пісалі пра гэты кейс, але тады не заўважылі кур'ёз.

Падобна, што яму зладзілі «канвеер» адміністратыўных судоў. Яго двойчы запар судзілі за «дробнае хуліганства» — 7 і 26 сакавіка. Гэта стандартны артыкул, па якім «круцяць» палітычных, калі на іх больш нічога няма, часта ў межах падрыхтоўкі крымінальнай справы. Пасля гэтага мужчыну, імаверна, перазатрымалі, бо наступны суд над ім адбыўся 8 красавіка 2024-га.

Згодна з пастановай суда, 31-га сакавіка («дакладны час не вызначаны») ён зрабіў рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сваю старонку ў «Аднакласніках». Але празорліўцы з Дубровенскага РАУС яго апярэдзілі і ўжо ў 8:55 28 сакавіка падчас «нечаканага» агляду старонкі Андрэя знайшлі гэты рэпост.

Адзначым, што ягоная старонка ў «Аднакласніках» закрытая, таму, імаверна, сілавікі зайшлі на яе проста з тэлефона мужчыны.

Скрыншот пастановы суда. Звярніце ўвагу на даты

У выніку Андрэю далі трое сутак і канфіскавалі камп'ютар.

Праўда, на жаль, прыгоды для яго не скончыліся. Мяркуючы па раскладах судоў, чарговы суд над мужчынам адбыўся 25 красавіка.

Андрэй Марачоў працуе на льнозаводзе больш за дваццаць гадоў. За гэты час яго некалькі разоў узнагароджвалі. Ён удавец.

У Дуброўне за адзін рэпост на суткі адправілі інжынера льнозавода

Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд

Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца

Nashaniva.com