Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду жыве ў двушцы. А колькі яна зарабляе?

Некаторыя дэталі свайго жыцця Мая Санду расказала ў інтэрв'ю Юрыю Дудзю.

08.05.2024 / 13:29

Мая Санду. Скрын відэа: vdud / YouTube

Мая Санду расказала, што прэзідэнцкая рэзідэнцыя Кондрыца, якая была пабудавана яшчэ ў 1960-я гады, цяпер пустуе. Прэзідэнтка жыве ў сваёй двухпакаёвай кватэры, якую купіла ў 2003 годзе.

Як яна тлумачыць, пражыванне ў рэзідэнцыя азначае дадатковыя выдаткі для дзяржавы. «Мне няма патрэбы сяліцца тут. Я нармальна жыву ў сваёй кватэры, як жыла да таго, як стала прэзідэнтам».

Да таго ж, заўважае Санду, пражыванне ў Кішынёве скарачае час на дарогу да працы.

Некаторы час рэзідэнцыя ў Кондрыцы выкарыстоўвалася для пражывання бежанцаў з Украіны. Пасля планавалі ў ёй стварыць культурны цэнтр. Але гэта патрабавала вялікіх інвестыцый. Таму было вырашана адкласці гэта, бо «ёсць іншыя неабходнасці».

Кватэра Санду знаходзіцца ў шматпавярховым доме. На першым паверсе дома ёсць чалавек, які ахоўвае пад'езд. Па словах Санду, «гэта лепш для ўсіх, бо яны таксама адчуваюць сябе ў бяспецы».

Яна згадвае, што аднойчы, ужо пасля таго, як яна стала прэзідэнткай, яе кватэру затапілі суседзі зверху.

Мая прызнаецца, што сняданак гатуе сабе сама, а вось абед ёй на працу прыносіць маці. Часам Санду сама ходзіць у магазін па прадукты.

Навошта Санду румынскі пашпарт

Мая Санду мае румынскі пашпарт. Яна атрымала грамадзянства суседняй краіны 13-15 гадоў таму. «У маіх бабулі і дзядулі былі пашпарты Румыніі. Як і для іншых людзей, для мяне было важна мець румынскі пашпарт».

Цяпер, па словах прэзідэнткі Малдовы, у краіне мільён чалавек мае румынскі пашпарт. Яна ўдакладняе, што пашпарт грамадзяніна Румыніі — гэта еўрапейскі пашпарт, таму «ў Еўрапейскага саюза ўжо ў Малдове ёсць мільён сваіх грамадзян, гэта павінна зрабіць наш шлях у Еўрапейскі Саюз яшчэ карацейшым».

Колькі зарабляе прэзідэнтка Малдовы

Да таго, як стаць прэзідэнткай, Санду працавала ў Сусветным банку. Там яе заробак складаў 10 тысяч еўра ў месяц. Цяпер яе афіцыйны заробак прэзідэнта краіны каля 850 еўра.

Адпаведна дэкларацыі, якую яна падала, зберажэнні ў Санду «амаль скончыліся», цяпер яна жыве на адзін заробак.

Санду тлумачыць, што зберажэнні ёй дапамаглі ў палітычнай дзейнасці: «Калі мы стваралі партыю, у мяне некалькі гадоў увогуле не было заробку. У партыі на гэта не было грошай. У нас быў толькі адзін чалавек, якому мы плацілі заробак. Усе астатні выконвалі працу як валанцёры. Таму тое, што ў мяне былі зберажэнні, мне вельмі дапамагло».

Прэзідэнт Малдовы пацвердзіла, што музыкі «Бі-2» папрасілі грамадзянства

У Малдове рыхтуюць рэферэндум па еўраінтэграцыі

Ужо нават у Малдове зарабляюць больш, чым у Беларусі

Nashaniva.com