Зяленскі ўпершыню заявіў, што Беларусь мусіць быць часткай Еўрасаюза

На думку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, пашырэнне ЕС павінна выйсці за пералік дзяржаў, якія ўжо маюць статус кандыдата, яно павінна таксама ахапіць Беларусь. Пра гэта ён заявіў на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўрапарламента Рабертай Метсолай у Кіеве на Дзень Еўропы, паведамляе «Еўрапейская праўда».

09.05.2024 / 16:41

Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Украіна чакае крокаў Еўрасаюза, неабходных для пачатку ўступных перамоваў з Украінай, але пашырэнне павінна тычыцца і іншых еўрапейскіх дзяржаў.

«Мы выканалі ўсе ўмовы для таго, каб у чэрвені была зацверджаная перамоўная рамка і рэальна пачаліся перамовы аб уступленні Украіны ў Еўрасаюз. Гэтак жа важна, каб для іншых народаў, якія заслугоўваюць быць у Еўрасаюзе — еўрапейскае адзінства сапраўды працавала, каб яны таксама рэалізавалі свой кандыдацкі статус», — растлумачыў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны таксама акрэсліў пералік дзяржаў, якія ён бачыць у складзе будучага Еўрасаюза.

«Еўропа — гэта і Балканы, і Малдова, і будзе абавязкова Дзень Еўропы для Грузіі і Дзень Еўропы для Беларусі», — заявіў ён, упершыню абвясціўшы бачанне Украіны адносна будучага ўступлення Беларусі ў ЕС.

Характэрна, што ў гэтым пераліку дзяржаў ён не назваў Турцыю, якая фармальна мае статус краіны-кандыдата, але перамовы з якой спыненыя.

Зяленскі таксама дадаў, што гэтую пазіцыю падзяляюць і прадстаўнікі Еўрапейскага парламента.

«Усё гэта ўжо адлюстравана пазіцыямі Еўрапарламента, і сапраўды важна ўсё гэта рэалізаваць», — падкрэсліў ён.

Расійскае МУС пасля розгаласу перастала шукаць Зяленскага і Парашэнку

Зяленскі паставіў Пуціна ў адзін шэраг з Гітлерам

СБУ заяўляе аб спробе замаху на Зяленскага: затрыманы двое палкоўнікаў упраўлення Дзяржаховы

Nashaniva.com