Арганізатара выбараў у Лідзе арыштавалі за хабар і злоўжыванне ўладай

Аляксандру Вусу свеціць да дзесяці гадоў калоніі.

17.05.2024 / 09:21

Аляксандр Вус. Фота: lidanews.by

Затрыманага клічуць Аляксандр Вус. Яму 45 гадоў і ён ураджэнец Ліды.

Апошнім часам Вус працаваў кіраўніком Дыягнастычнай станцыі № 2, якая займаецца тэхнічным абслугоўваннем транспарту. Асноўныя кліенты кампаніі — дзяржаўныя прадпрыемствы.

Раней быў галоўным юрысконсультам у лідскім аддзяленні Белінвестбанка.

Але вядомы Вус не гэтым, а сваім актыўным удзелам у выбарчых кампаніях. Падчас парламенцкіх выбараў у 2016 і 2019 ён узначальваў выбарчую акругу, на якой перамагалі «патрэбныя» кандыдаты.

Пакінулі Вуса кіраўніком Лідскай раённай выбарчай камісіі і на 2020 год.

У выніку менавіта Вус падпісваў сфальсіфікаваны выніковы пратакол, які засведчыў нібыта перамогу Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуючы па звестках платформы Голас, яго «перамога» суправаджалася шматлікімі парушэннямі.

Невядома, калі затрымалі Вуса, але, імаверна, яшчэ да парламенцкіх выбараў-2024.

Сёння ў Лідскім раённым судзе пачаўся суд над ім. Вуса вінавацяць у атрыманні хабару ў буйным памеры або арганізаванай групай (ч. 2 арт. 430 КК РБ) і злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК РБ). Фальсіфікатару пагражае ад 3 да 10 гадоў калоніі.

За буйны хабар судзяць дырэктара «Мінскрамбуда» і тылавога начальніка з Дэпартамента аховы МУС

За хабар асудзілі выкладчыка Баранавіцкага ўніверсітэта

У В'етнаме прысудзілі да смяротнага пакарання мясцовую мільярдэрку

Nashaniva.com