Віцебчука затрымалі за «каментары, якія абражаюць Лукашэнку». Вось як яго адшукалі
17.05.2024 / 14:59
Губазікаўцы сцвярджаюць, што ў адносінах Сяргея Навумава завялі крымінальную справу.
Сяргей Навумаў. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Затрыманага клічуць Сяргей Навумаў, яму 55 гадоў. Мужчына родам з пасёлка Падсвілле Глыбоцкага раёна. Працаваў ён на розных рабочых спецыяльнасцях: маляром, ахоўнікам і гэтак далей. Хобі Сяргея — гэта нумізматыка (калекцыянаванне манет) і байкерства.
Навумава затрымалі каля тыдня таму. У віну яму ставяць нейкія «допісы, якія абразілі Лукашэнку». Імаверна, гаворка пра каментары ў тэлеграме.
Акаўнт мужчыны слаба абаронены і прывязаны да ўласнага беларускага нумару. А нехта (імаверна, губазікаўцы ці іншыя спецслужбісты) зрабіў платны «пашыраны пошук» (дазваляе атрымаць троху больш інфармацыі) па ягоным акаўнце ў тэлеграм-боце «Вока Бога» ў студзені 2024 года. Гэта звычайна значыць, што чалавек ужо на кручку і яго затрыманне — пытанне часу.
Выдача бота «Вока Бога» па нумары Сяргея
Мяркуючы па тым, што пішуць каналы ГУБАЗіК, у адносінах Сяргея завялі крымінальную справу.