Прыватная стаматалогія, якой Мінздароўя прыпыняла ліцэнзію, аднавіла працу
У інстаграме прыватнай стаматалогіі «Апрель» з’явілася паведамленне, што клініка зноў пачынае прымаць кліентаў. Раней «Нашай Ніве» стала вядома, што Мінздароўя прыпыніла дзейнасць яе ліцэнзіі.
19.05.2024 / 11:12
Стаматалогія «Апрель». Фота: «Яндэкс Карты»
Прыватная клініка «Апрель» аказвае комплекснае стаматалагічнае лячэнне. Знаходзіцца яна ў вёсцы Каралёў Стан (9 кіламетраў ад Мінска ў напрамку Нацыянальнага аэрапорта). Побач з клінікай ёсць яе міні-гатэль, у якім могуць спыніцца як кліенты, так і звычайныя падарожнікі. Дарэчы, гатэль працаваў амаль паўтара месяцы ў штатным рэжыме.
Нагадаем: напрыканцы сакавіка на сайце і ў сацыяльных сетках стаматалогіі раптоўна з'явілася паведамленне, што з 1 красавіка клініка часова прыпыняе прыём пацыентаў. Кліентам прапанавалі перазапісацца на май, але без гарантыі.
Скрыншот інстаграму aprilmed.by
Як высветліла «Наша Ніва», справа была ў тым, што Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзію «Апрель-клиник». Але афіцыйнай інфармацыі пра гэта не з’явілася ні на сайце міністэрства, ні ў яго тэлеграм-канале. Пра тое, што клініцы дазволілі зноў працаваць, міністэрства таксама чамусьці вырашыла не паведамляць.
Магчыма, гэта звязана з тым, што раней падобныя навіны выклікалі бурную негатыўную рэакцыю грамадства. Напрыклад, калі ў маі 2022 года Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дзейнасць дзвюх медыцынскіх кампаній — «Клінікі А1» і «Ладэ», навіна атрымала такі рэзананс, што каментаваць яе прыйшлося тагачаснагаму міністру Дзмітрыю Піневічу. Паводле яго слоў, нічога экстраардынарнага не адбывалася — з падобнымі цяжкасцямі з пачатку 2022 года сутыкнуліся 20 беларускіх кампаній. На выпраўленне недахопаў ім далі тэрмін да 6 месяцаў.
У «Ладэ» тады атрымалася аднавіць дзейнасць у рэкордныя тэрміны — праз месяц. Для А1 сітуацыя склалася горшым чынам: нягледзячы на тое, што афіцыйна аб закрыцці клінікі не паведамлялася, цяпер сайт медцэнтра недаступны, а яго сацыяльныя сеткі перасталі абнаўляцца ў 2022 годзе.
Прыватная стаматалогія раптоўна паведаміла, што з 1 красавіка прыпыняе прыём кліентаў