«Навошта ты туды сунешся?» На канфэрэнцыі апазіцыі ў Варшаве выступоўца зламаў трыбуну

У Варшаве прайшла канферэнцыя па выбарах у Каардынацыйную раду.

19.05.2024 / 19:27

Аляксандр Навуковіч. Скрын трансляцыі Каардынацыйнай рады

Момант заўважыў «Белсат».

Адным з выступоўцаў быў экс-добраахвотнік Аляксандр Навуковіч (ён у камандзе блогера Максіма Шабуцкага «Незалежныя беларусы»). Ён эмацыйна патлумачыў, што ідзе ў КР, каб пабудаваць аўтарытэтны орган, «які беларусы будуць паважаць, а лукашысцкая сістэма баяцца».

«А цяпер я чую толькі ў свой бок: навошта ты туды сунешся? Калі я сюды ішоў, балатаваўся ў Каардынацыйную раду, я думаў, калі нічога не змегіцца за месяц-два, я проста сыйду. Не, гэта праява слабасці! Я буду дапамагаць сыходзіць тым, хто сябе цалкам дыскрэдытаваў! (…) Давайце ўвядзем адказнасць! Калі ты абяцаў, то ты выконваеш, калі ты не выконваеш, то проста сыходзіш!» — перайшоў амаль на крык Аляксандр і разбіў кулаком шкляную трыбуну.

На падлозе — адламаны кавалак шкла. Скрын трансляцыі Каардынацыйнай рады

Выбары ў КР пройдуць 25-27 мая. Галасаваць прапануюць анлайн.

Nashaniva.com