Верталёт прэзідэнта Ірана ўрэзаўся ў гару?

Да такой высновы прыйшоў нямецкі эсперт па аналізе адрытых даных Юліян Рэпке.

20.05.2024 / 18:45

Скрыншот: Press TV

Юліян Рэпке лічыць, што верталёт Bell 212, на якім ляцеў прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі, не прызначаны для палётаў у цяжкіх метэаўмовах. Лётчыкі, пілатуючы такі верталёт, вымушаныя абапірацца на наземныя арыенціры.

На гэтым амерыканскім верталёце 1994 года вытворчасці усталяваны невялікі і недасканалы прыбор GPS-навігацыі. Пры кепскай бачнасці лётчыкам вельмі цяжка пілатаваць, піша Bild.

Паветраны шлях прэзідэнцкага верталёта з Азербайджана ў Тэбрыз на траціну пралягаў праз горы Арасбаран, вышыня якіх дасягае амаль 3000 метраў. Горы пакрытыя густымі лясамі. 19 мая там лёг такі туман, што візуальна арыентавацца было практычна немагчыма. Рэпке называе такі палёт «самагубчым».

«Верталёт спрабаваў ляцець праз даліны. Але на адным з апошніх горных перавалаў, перад тым як зноў спусціцца ў даліну, на вышыні 2250 метраў ён урэзаўся ў гару. Спераду і ззаду ляцелі два іншыя верталёты, гэта былі савецкія Мі-8. Умовы надвор'я на момант падзення былі такімі дрэннымі, што абодва не заўважылі, як адзін з верталётаў выпаў з калоны і ўрэзаўся ў гару», — мяркуе Рэпке.

На ягоную думку, пілоты верталёта суправаджэння заўважылі прапажу толькі пасля прыбыцця ў Тэбрыз.

Верталёт з прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі і міністрам замежных спраў Хасейнам Амірам Абдалахіянам разбіўся 19 мая ў гарах недалёка ад мяжы з Азербайджанам. Ніхто з тых, хто знаходзіўся на борце, не выжыў.

Іранскі пасол назваў імаверную прычыну крушэння верталёта прэзідэнта Раісі

Перадаў «Шахеды» Расіі і кіраваў бізнэс-імперыяй аяталы. Хто такі Махамад Махбер — часовы прэзідэнт Ірана

Аварыя з верталётам прэзідэнта Ірана здарылася ў далікатны момант для міжнародных адносін

З месца крушэння верталёта дасталі цела прэзідэнта Ірана

Знойдзены верталёт з прэзідэнтам Ірана на борце. На месцы катастрофы жывых няма

«З жыцця пайшлі сапраўдныя сябры Беларусі». МЗС выказала спачуванні з прычыны гібелі прэзідэнта Ірана

Nashaniva.com