Сёлета ў Беларусі, здаецца, стварылі сям'ю чорны бусел і белая бусліха

Пра тое, што ў гэтым годзе ў Беларусі, здаецца, склалася змяшаная пара чорнага і белага буслоў, выпадкова даведаўся нясвіжскі заолаг Сяргей Шакала, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

20.05.2024 / 22:54

Фота: Сяргей Шакала

Сяргей назіраў белага бусла на гняздзе, а чорнага — на суседнім слупу. Чорны бусел адлятаў пахарчавацца на найбліжэйшае поле сярод тэхнікі і іншых птушак. А калі вярнуўся, то прывітаўся з птушкай на гняздзе сіплым голасам, а самачка ў адказ паклекатала дзюбай.

Сяргей Шакала адзначае, што на гэты момант мае толькі здагадкі наконт таго, ці пара гэта. Але чорны бусел трымаецца менавіта каля гэтага гнязда і, са слоў мясцовых, нават біўся з белымі бусламі за гэтую бусліху.

Сяргей Шакала

Чорныя і белыя буслы рэдка перасякаюцца ў прыродзе. Чорны бусел вядзе патаемны лад жыцця ў лясах, а белы бусел трымаецца бліжэй да людзей. Змяшанае гнездаванне гэтых відаў — зусім рэдкая з’ява, якая здараецца звычайна ў заапарках, дзе няма выбару партнёраў.

Аднак у мінулым годзе адбыліся два выпадкі гнездавання змешаных пар у Германіі і Чэхіі. Цяпер, магчыма, чарга дайшла і да Беларусі.

З'явіліся цікавыя падрабязнасці сямейнага жыцця белага і чорнага буслоў у Германіі. Іхнія дзеці — «шэрыя»

У Еўропе белыя буслы гняздзяцца разам з чорнымі і нават утвараюць аднаполыя пары

У Расонскім раёне бусел пакалечыўся, заблытаўшыся ў галінах дрэва

Nashaniva.com