Прэпарат ад старэння быў упершыню пратэставаны на людзях. Паспяхова

Каманда з навукоўцаў з ЗША больш за 10 гадоў распрацоўвала прэпарат, які зможа знішчаць старэючыя клеткі і тым самым амалоджваць арганізм жывых істот. Новае хімічнае злучэнне спачатку выдатна сябе паказала на мышах, а цяпер прадэманстравала першыя станоўчыя вынікі ў людзей. Калі чакаць у продажы?

21.05.2024 / 19:31

Фота: pixabay

Эксперыментальны прэпарат ад старэння, распрацаваны шэрагам клінік і лабараторый пры некалькіх універсітэтах ЗША, засведчыў першыя поспехі падчас тэстаў на людзях. Праца над прэпаратам ішла больш за 10 гадоў, паведамляе буйны навуковы часопіс Nature.

Прэпарат атрымаў назву «Фаселутаклакс» (Foselutoclax) і накіраваны на блакаванне ды знішчэнне старэючых клетак арганізма, назапашванне з гадамі якіх моцна спрыяе развіццю дыябету, дэменцыі, астэапарозу, сэрцава-судзінных паталогій і іншых сур'ёзных захворванняў.

Асноўным дамінуючым бялком у старэючых клетках чалавека з'яўяляецца BCL-xL, супраць якога і змагаецца новы прэпарат.

«Тэсты на мышах паказалі высокую эфектыўнасць Фаселутаклакса. Ён акуратна знішчаў старэючыя клеткі, не чапляючы здаровыя, што выклікала аднаўленне тканак і амаладжэнне органаў. У некаторых мышэй паляпшаўся зрок, а ў асобін, хворых на дыябет, значна ўмацоўваліся крывяносныя судзіны.

Не менш станоўчыя эфекты былі і ў людзей. Падрабязныя вынікі тэстаў над 30 паддоследнымі будуць апублікаваныя ў канцы гэтага года», — піша Nature са спасылкай на каманду навукоўцаў.

Даследчыкі выказалі ўпэўненасць, што атрымаюць афіцыйны дазвол на шырокі продаж прэпарата кліентам ужо ў найбліжэйшыя 5 гадоў.

Вучоныя знайшлі супрацьяддзе ад алкаголю

Дажыць да 120 можа стаць магчымай перспектывай

Вечны дыктатар. Як хутка тыраны змогуць скарыстацца першымі лекамі ад старэння?

Nashaniva.com