Падпісаным на план «Перамога» прыйшло апавяшчэнне: галасуйце за Азарава. Што адбываецца і ў чым небяспека

Нашы чытачы заўважылі, што праз бот плана «Перамога» з'явіліся заклікі галасаваць за спіс №5 «Законнасць і правапарадак», які ўзначальвае Аляксандр Азараў. Расказваем, што адбылося і чаму гэта можа быць небяспечна.

22.05.2024 / 08:45

Паведамленне, якое атрымалі людзі, якія хоць раз запускалі чат-бот плана «Перамога»

Сёння ўначы ўсім, хто хоць некалі запускаў чат-бот плана «Перамога», прыйшлі заклікі галасаваць у Каардынацыйную раду і падтрымаць спіс №5 «Законнасць і правапарадак», які ўзначальвае Аляксандр Азараў.

Мы запыталіся ў Аляксандра, ці гэта арыгінальныя бот і рассылка — ён пацвердзіў, што рассылка не фэйкавая, а бот плана «Перамога» арыгінальны. Выглядае, што ён не бачыць ніякай праблемы ў гэтай сітуацыі.

Аляксандр Азараў

«Мы рэгулярна праводзім рассылку, — напісаў Азараў у адным з публічных чатаў. — Чаго так усе нашы хейтэры перапалохаліся. Павылазілі з усіх шчылін і пырскаюць сліной»

Праблема, якую бачым мы — гэта тое, што за ўзаемадзеянне з планам «Перамога» беларусам унутры краіны можа пагражаць адказнасць, ад адміністратыўнай да крымінальнай.

Нават калі вы раней вычышчалі тэлеграм-боты, выдаляючы з імі перапіску, то яны могуць дасылаць вам паведамленні. Паведамленне, атрыманае ад плана «Перамога» ў самы непадыходзячы момант, можа падставіць чалавека, калі гэту рассылку пабачыць нехта непажаданы.

Актывізаваць тэхнічную магчымасць бота «Перамога» дзеля сваёй адзінкавай палітычнай рэкламы — у крайняй меры недальнабачна.

Мы раім ўсім зноў пачысціць сляды бота, каб не падстаўляцца. Дзеля гэтага скарыстайцеся інструкцыяй з нашага сайта. Калі вы хочаце цалкам адвязаць ваш акаўнт ад усіх ботаў, якія вы запускалі за ўвесь час існавання акаўнта — выдаліце яго і перастварыце, інструкцыя тут.

Выбары ў Каардынацыйную раду адбудуцца з 25 па 27 мая. У іх удзельнічае больш за 200 кандыдатаў па дванаццаці спісах.

Азараў патлумачыў, што адбываецца са звесткамі з плана «Перамога»

Як ГУБАЗіК стварае фэйкавыя перапіскі з фэйкавымі ўдзельнікамі плана «Перамога»

Як пачысціць тэлеграм-боты, каб не засталося ніякіх слядоў ВІДЭА

Nashaniva.com