«Глядзі, другарадны герой трэцясортнай Элады». Новы верш Стася Карпава

Стась Карпаў апублікаваў у фэйсбуку новы верш.

22.05.2024 / 13:10

Батумі. Фота: «Салідарнасць»

Глядзі, другарадны герой трэцясортнай Элады:
З такіх біяграфіяў робяцца толькі даклады.
Інструкцыі для недажыўшых да веку сталога.
І, можа быць… можа быць пара радкоў некралога,
Малітвы за ўсіх і нікога на брацкай магіле -
Два метры над крышкай — прыблізна сем футаў пад кілем.
Далёка заплыў, каб захраснуць у завужаным вусці
Героем для тостаў пра тых, хто не з намі чамусьці.

Навокал цяплее. Хвіліна, краіна, другая -
А я за сабой беларускую восень цягаю.
І холад, які пранікае у сэрца, у пальцы
Хоць біся у сопку башкой, хоць зарыйся у гальцы.

Такога заўжды і з паўслова пазнаеш адразу:
Бясконцая восень, дзе верасень — форма адказу
На ўсе твае мары гаротнай выгнанніцкай казкі,
Куды б ты ні сунуў халодны свой нос уцякацкі.

Сабакі глядзяць як іх горад ваюе з прыбоем.
Адчай і адчайкі усё запаўняюць сабою.
Я моўчкі знікаю пад іх несканчаемы клёкат
Ля чорнага-чорнага мора. Далёка-далека.

Батумі, 2024.

«У тых, хто зʼехаў, нярэдка абʼём смеласці павялічваецца за кошт абʼёма памяці». Карпаў — пра Саннікава

«Самая вялікая сіла ў свеце — гэта сіла ніх…» — Стась Карпаў пра рускую духоўнасць

«І нават Пуціна зая…лі. І нават Пуцін іх зая…ў». Стась Карпаў падзяліўся думкамі пра «добрых рускіх», пабачаных на гарачым поўдні

Nashaniva.com