EPAM не збіраецца сыходзіць з Беларусі, нягледзячы на цяжкасці. Масавых скарачэнняў не плануецца
Прэзідэнт кампаніі Аркадзь Добкін расказаў супрацоўнікам пра стан спраў.
22.05.2024 / 19:52
Аркадзь Добкін
У беларускім EPAM адбыўся сазвон з кіраўніком кампаніі Аркадзем Добкіным. Супрацоўнікі з трывогай чакалі гэтага мерапрыемства пасля неспрыяльнай квартальнай справаздачы, у якой расказвалася пра падзенне выручкі і ўтрымліваўся негатыўны прагноз на год.
Асноўныя тэзісы сазвону з Добкіным парталу dev.by пераказалі супрацоўнікі EPAM. Прэзідэнт кампаніі расказаў, што сітуацыя ў параўнанні з канцом мінулага года не палепшылася. Аднак у той жа час ён і абнадзеіў офіс у Беларусі.
Па словах Добкіна, час цяпер з усіх бакоў непрадказальны. Былі надзеі на аднаўленне макраэканамічных паказчыкаў, аднак буйныя кліенты скарачаюць выдаткі. Адпаведна памяншаецца і попыт.
Пры гэтым з Беларусі EPAM па-ранейшаму сыходзіць не збіраецца.
«Пра Беларусь: падыход, які мы агучвалі шмат разоў. Ніякай стратэгіі з нагоды сыходу няма. Мы працягваем працаваць.
Калі кліенты пачнуць будаваць новыя сістэмы і пачнуць менш думаць пра скарачэнне выдаткаў, пачнецца рост. На жаль, трэба пачакаць. І на сённяшні дзень цяжка казаць пра планы», — адзначыў Добкін.
Падчас сесіі пытанняў і адказаў прадпрымальнік заявіў, што скарачэнняў у беларускім офісе не плануецца. Пры гэтым перагляд заробкаў у кампаніі замарожаны на нявызначаны тэрмін. EPAM працягвае пераносіць праекты ў больш танныя рэгіёны — у краіны Лацінскай Амерыкі і Індыю. Офісы там будуць расці.
Работнікі EPAM у Беларусі расказалі парталу, што сазвон іх падбадзёрыў. Яны былі радыя пачуць, што кампанія не збіраецца закрываць беларускі офіс і што скарачэнняў, падобных да леташніх, не плануецца.
Восенню 2023 года EPAM скараціў 2% штату ў Беларусі, а таксама праводзіў кропкавыя скарачэнні.
Амерыканскія інвестары прадаюць акцыі EPAM
Акцыі EPAM абваліліся да антырэкордных значэнняў
У EPAM пакрысе скарачаецца выручка і штат
Колькі падаткаў заплацілі ў бюджэт Літвы фірмы з беларускімі каранямі
«Не ўсё так блага». Што будзе са студэнтамі-айцішнікамі ў ЕГУ без EPAM
EPAM раптоўна выйшаў з праграмы падрыхтоўкі айцішнікаў у ЕГУ