Грамадства

«Не ўсё так блага». Што будзе са студэнтамі-айцішнікамі ў ЕГУ без EPAM

Колькі дзён таму EPAM раптам закрыў праект падрыхтоўкі айцішнікаў у ЕГУ — пасярод чарговага семестра. Студэнты дзеляцца з devby.io падрабязнасцямі.

Літоўскі EPAM Sistemos апавясціў кіраўніцтва ЕГУ, што спыняе партнёрства па праекце EPAM School of Digital Engineering (ESDE). Праект быў запушчаны ў 2022 годзе і праіснаваў менш за два гады. Студэнтам прапанавалі працягнуць навучанне ў ЕГУ на спецыяльнасці «Інфарматыка», узяць акадэмічны адпачынак або перайсці ў іншыя ВНУ.

ESDE — эксперыментальнае падраздзяленне EPAM для падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў у партнёрстве з універсітэтамі. Напрыклад, у Кіеве такі праект рэалізуецца ў AUK (Амерыканскі ўніверсітэт), у Ташкенце — у IT-Park University (лічбавы ўніверсітэт, створаны ІТ-паркам Узбекістана сумесна з EPAM). На дадзены момант няма інфармацыі, што іншыя праекты (ці нейкія з іх) пад пагрозай.

У праграме ЕГУ — тры спецыялізацыі на выбар, якія паглыблена вывучаюцца на працягу чатырох семестраў: Java EE;.Net; JavaScript/TypeScript. Акрамя спецыялізацыі ў праграму ўключаныя прадметы, якія дапамогуць развіваць soft skills і атрымліваць практычныя кампетэнцыі.

Кар’ерныя магчымасці пасля заканчэння навучання:

  • Full-stack, Front-end і back-end распрацоўшчык (спецыялізацыі — Java EE,.Net, JS & TypeScript);
  • тэсціроўшчык і спецыяліст па забеспячэнні якасці;
  • праекціроўшчык праграмнага забеспячэння, UX-дызайнер, распрацоўшчык мабільных праграм;
  • менеджар ІТ-праектаў.

Прычыны ў сакрэце

ЕГУ і EPAM не сталі каментаваць, чаму прынятая такая пастанова. Студэнты, з якімі ўдалося пагутарыць dev.by, таксама нічога не ведаюць пра прычыны. «Спрабаваў даведацца, але ні той, ні другі бок нічога не кажа. Сказалі толькі, што ў EPAM «комплексная прычына».

Колькі студэнтаў вучылася на ESDE

Усяго на праекце, паводле ацэнак суразмоўцаў, вучыцца больш за 300 чалавек: на першым курсе каля 120 чалавек (вочнае + завочнае), на другім курсе каля 200 чалавек.

Колькі студэнтаў ESDE у выніку застанецца ў ЕГУ — невядома.

Рэакцыя студэнтаў

Рашэнне EPAM стала нечаканым для студэнтаў. Адзін з суразмоўцаў лічыць, што кампанія «паступіла непрыгожа».

— Некаторыя ўспрынялі сітуацыю такім чынам, што EPAM проста пагуляўся са студэнтамі і кінуў. Да гэтага здарылася затрымка з грантамі на навучанне, — выказаў меркаванне адзін са студэнтаў. 

Паводле слоў суразмоўцаў, большая частка студэнтаў пакуль вырашыла працягнуць навучанне. Але частка збіраецца ў іншыя ВНУ. Некаторыя разглядаюць опцыю пераезду ў Польшчу. 

— Напэўна, буду пераводзіцца ў іншы ўніверсітэт, магчыма нават не ў Літве. Мне здаецца, калі зменіцца выкладчыцкі склад і зменіцца праграма, будзе не тая якасць адукацыі, — падзялілася планамі адна са студэнтак.

Кошт ESDE як плюс

Адна з альтэрнатыў EPAM School of Digital Engineering (ESDE) у Літве — Vilnius Tech (Віленскі тэхнічны ўніверсітэт). Але студэнты асцерагаюцца складанасцяў праз розніцу ў сістэме ацэнкі ведаў, да таго ж кошт навучання ў Vilnius Tech «мінімум у два разы большы».

Асаблівасць вучобы ў ЕГУ па праграме EPAM School of Digital Engineering у тым, што плата для студэнтаў — фіксаваная на ўвесь тэрмін навучання, не пераглядаецца штогод для тых, хто ўжо паступіў, кажуць студэнты.

Напрыклад, для студэнтаў, якія пачалі навучанне на праекце ў 2022 годзе, плата на працягу ўсяго тэрміну навучання (3,5-4,5 гады) складае 1600 еўра (вочнае навучанне) і 1100 еўра (завочнае) на семестр. Тыя, хто паступіў у 2023 годзе, плацяць 1760 еўра (вочнае навучанне) і 1210 еўра (завочнае). Для тых, хто паступае сёлета кошт вочнага навучання складзе 1800 еўра, завочнага — 1250 еўра на семестр.

Былі яшчэ і гранты EPAM (але ёсць нюансы)

Яшчэ адна асаблівасць праекта — гранты на навучанне ад EPAM. Іх размяркоўвалі па паспяховасці, расказваюць студэнты. «Найлепшыя 10% студэнтаў атрымлівалі 100% грант (зніжку на навучанне на семестр), наступныя за імі 15% атрымлівалі 50% грант».

Што праўда, паводле слоў студэнтаў, інфармацыі пра гранты на бягучы семестр (па выніках папярэдняга) дагэтуль няма.

На думку аднаго з суразмоўцаў, у сыходзе EPAM нават з’яўляюцца свае плюсы, калі казаць пра гранты.

— Студэнты інфарматыкі не маглі ўдзельнічаць у многіх ініцыятывах ЕГУ. Напрыклад, атрымліваць гранты на праекты або стыпендыі за даследчую дзейнасць або выдатную вучобу. З сыходам EPAM магчымасцяў стане больш.

Стажыроўкі цяпер — на агульных падставах

Паводле слоў аднаго са студэнтаў, «першапачаткова меркавалася, што стажыроўкі могуць быць у EPAM або ў іншых кампаніях па жаданні. Цяпер гарантаваныя стажыроўкі ў EPAM скасавалі. Але можна падавацца на стажыроўку ў кампанію на агульных падставах». 

Суб’ектыўныя плюсы і мінусы

Папрасілі студэнтаў абагульніць уражанні ад праграмы.

Плюсы:

  • «Гнуткі фармат, звычайна не больш за 2-3 пары на дзень, можна сумяшчаць з працай».
  • «Практыкаарыентаванасць, няма тон вышэйшай матэматыкі, усё ў меру».
  • «Пастаянныя івэнты ад офіса інфарматыкі (вечары настольных гульняў, кінаклубы, speaking clubs)».
  • «Прыемныя выкладчыкі з прадакшан-досведам і «слупы» айці-індустрыі ў Беларусі».
  • «Ёсць анлайн-класы, усе заняткі праходзяць па зуме з любога пункта свету. У іншых універсітэтах такога няма».
  • «Ёсць добрыя аўтарскія курсы».

Мінусы:

  • «Недахопы арганізацыі. Напрыклад, пары могуць перанесці без папярэджання».
  • «Нізкі прахадны бал некалькі зніжае сярэднюю паспяховасць і матываванасць груп. На першым курсе поўна маладзёнаў з сярэднім балам 7 і з баламі па ЦТ меншымі за 60. Многія наогул не разумеюць, што яны тут робяць».
  • «Няма падзелу на вучняў з ведамі і без. Па выніку пакутуюць і адныя, і другія».
  • «Ёсць вельмі сырыя праграмы, такія як Digital Technologies. У першым семестры лабараторныя работы трэба рабіць у Excel і ніяк інакш, гэта ўжо стала ўнутраным мемам».
  • «Некаторыя прадметы — гэта бясплатныя анлайн-курсы з дадатковымі хатнімі заданнямі».

Што будзе далей 

Кіраўніцтва ўніверсітэта прапанавала студэнтам працягнуць навучанне ў ЕГУ на спецыяльнасці «Інфарматыка» ў новым рэарганізаваным філіяле — School of Digital Competences. Пры гэтым кіраўніцтва ЕГУ сцвярджае, што рэарганізацыя не закране навучальнага працэсу: ніякіх кардынальных перамен не будзе.

Таксама студэнтам паведамілі, што большасць выкладчыкаў, якія былі задзейнічаныя ў праекце EPAM, застануцца ў ЕГУ.

— Частка выкладчыкаў ужо даўно не працуе ў EPAM і таму сыход кампаніі з праекта не мае на іх паўплываць. Калі што, сказалі, будуць шукаць замену. Дададуцца супрацоўнікі іншых кампаній. Да канца семестра, здаецца, ніякіх змен у выкладчыцкім складзе не прадбачыцца, — расказаў адзін з суразмоўцаў. 

Яшчэ адзін суразмоўца звярнуў увагу на тое, што брэнд EPAM у назве праекта быў добрым прадавальным фактарам. З сыходам кампаніі «ўрон быў нанесены па маркетынгавым складніку».

— Але я думаю, што школа знойдзе нейкі новы туз у рукаве, які зацікавіць абітурыентаў і будучых студэнтаў.

Паводле слоў суразмоўцы, у сыходзе EPAM з праекта ў ЕГУ ёсць і свае плюсы.

— У нас з’явілася больш свабоды, знятыя многія карпаратыўныя абмежаванні. Напрыклад, мы зможам прыцягваць больш інвестыцый у школу, актыўней весці маркетынг, а таксама запрашаць выкладчыкаў не толькі з EPAM. Раней гэта было магчыма, але многія выкладчыкі, якія працуюць у кампаніях-канкурэнтах EPAM, турбаваліся, што іх начальства можа не зразумець такіх сувязяў. Цяпер гэтая праблема знятая.

Каментары

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!15

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →