Паміж Еўропай і Афрыкай збіраюцца пабудаваць падводны тунэль

Цяпер вядзецца стратэгічнае планаванне такога будаўніцтва. Мяркуецца, што тунэль даўжынёй больш за 27 км пройдзе з іспанскага горада Тарыфа праз Гібралтарскі праліў у мараканскі Танжэр.

26.05.2024 / 20:49

Фота: findpenguins.com

Распрацоўшчыкі спадзяюцца пабудаваць тунэль за 6 гадоў да часу, калі Іспанія, Партугалія і Марока сумесна прымуць чэмпіянат свету па футболе 2030 года, паведаміла Euronews.

Паводле ацэнак, кошт будаўніцтва складзе больш за 6 мільярдаў еўра, хоць афіцыйная сума планаваных выдаткаў пакуль невядомая. 

Тунэль павінен будзе забяспечыць рух высакахуткасных цягнікоў, якія ідуць з хуткасцю больш за 320 км у гадзіну. Ён злучыць наяўныя чыгуначныя лініі Іспаніі з мараканскім маршрутам Аль-Барак, які адкрыўся ў 2018 годзе.

Такім чынам, на цягніку можна будзе дабрацца з Мадрыда ў мараканскую Касабланку пад Гібралтарскім пралівам. Поўная такая паездка цягніком, як паведамляецца, зойме ў падарожнікаў 5 гадзін 30 хвілін.

Паводле папярэдніх падлікаў цягнікамі праз Гібралтарскі тунэль за год скарыстаюцца больш за 12,8 млн пасажыраў, акрамя таго, аб'ём гандлю паміж двума кантынентамі павялічыцца на 13 млн тон грузаў.

Сур'ёзны праект будаўніцтва тунэля пад Гібралтарскім пралівам упершыню быў прапанаваны яшчэ ў 1979 годзе, ён мог быць падобным на тунэль пад Ла-Маншам паміж Дуўрам і Кале. Але да рэалізацыі яго справа не даходзіла.

Цяжкапераадольныя складанасці могуць сустрэць і цяперашні праект. Інжынеры выявілі некалькі лагістычных праблем. У самым глыбокім пункце глыбіня праліва складае 900 м, да таго ж дадатковую рызыка ўяўляе сабой рэгулярная сейсмічная актыўнасць на геалагічным разломе Азорскіх астравоў і Гібралтара.

Жыхар Кыргызстана пракапаў тунэль са свайго дома ва Узбекістан

Тунэль пад сінагогай у Нью-Ёрку абудзіў найгоршыя тэорыі змовы

Тут здымалі «Гульню тронаў» і «Лоўрэнса Аравійскага». Як выглядаюць будынкі, адзіныя такія на свеце, у Марока пасля землятрусу

Nashaniva.com