Тунэль, знойдзены пад сінагогай у Нью-Ёрку, у вачах прыхільнікаў тэорыі змовы К’юАнон разглядаецца як доказ таго, што ўсім светам правіць таямнічая і магутная кліка сатаністаў-педафілаў.
Як паведамлялася, у Нью-Ёрку пад штаб-кватэрай мясцовых хасідаў знайшлі тунэль, які, мяркуючы па ўсім, выкапалі прадстаўнікі месіянскай фракцыі — верагодна, яны лічылі, што такім чынам выконваюць волю рэбе аб пашырэнні тэрыторыі сінагогі.
Але працы праводзіліся без ухвалення равінскіх улад, для якіх гэтыя сцены святыя. Раз'юшаныя рэлігійныя лідары паспрабавалі заліць тунэль бетонам.
8 студзеня маладыя людзі схаваліся ўсярэдзіне, каб заблакаваць працы. Дзякуючы паліцыі яны былі выцесненыя. На наступны дзень рабін сінагогі асудзіў «вандалізм» і падзякаваў паліцыі Нью-Ёрку. 10 студзеня тунэль пад сінагогай быў заліты бетонам.
Здавалася, канфлікт вычарпаны. Аднак, як піша Le Monde, кадры сутыкнення вернікаў з паліцыяй хутка разышліся па сацыяльных сетках.
Нехта заўважыў на адным са старых матрацаў, на якіх спалі студэнты, пляму. Зʼявіліся тэорыі, што гэта пляма крыві, прычым дзіцячай. Яўрэі, тунэлі і дзеці — тры элементы, якія моцна бударажаць фантазіі прыхільнікаў канспіралагічных тэорый.
Хутка раскруцілася машыны плётак. У інтэрнэце зʼяўляюцца паведамленні, што тунэль, які насамрэч даўжынёй трохі больш за 10 метраў, мае выхад проста насупраць Дзіцячага музея — да яго ажно 600 метраў. Зʼявіліся змантаваныя відэа, на якіх выявы сінагогі спалучаныя са сцэнамі гандлю дзецьмі ў Лацінскай Амерыцы.
Пасыпаліся абвінавачванні ў тым, што яўрэі ў ЗША практыкуюць «сатанінскае рытуальнае палавое насілле». Зʼявіліся версіі, што хасіды выкарыстоўвалі тунэлі ў Нью-Ёрку ледзь не для продажу дзяцей у сэксуальнае рабства.
І ў гэта шмат хто паверыў. Выданне нагадвае, што яшчэ ў красавіку 2020 года ва ўмовах поўнай ізаляцыі прайшла чутка, што ў падвалах Нью-Ёрка ў палоне трымаюць дзясяткі тысяч дзяцей. Затым рушылі ўслед варыянты, звязаныя з тунэлямі ў іншых гарадах, напрыклад, у аўстралійскіх Мельбурне ці Сіднэі. У 2022 годзе тэорыя змовы сцвярджала, што, разбамбіўшы Украіну, Пуцін вызваліў бы 35 тысяч дзяцей, якія апынуліся ў пастцы пад зямлёй.
Як патлумачыла Le Monde антраполаг Веранік Кэмпіон-Ванса (Véronique Campion-Vincent), якая спецыялізуецца на гарадскіх легендах, «змова — адваротны бок нармальнага свету, і ён знаходзіцца пад зямлёю. Гэта добры спосаб патлумачыць наяўнасць кагосьці, каго мы не бачым».
У пачатку ХХ стагоддзя зʼявілася тэорыя, што ў тунэлях пад паверхняў Месяца хаваюцца іншапланецяне. Сучасныя уфолагі падазраюць наяўнасць на Марсе «падземных» бункераў, адкуль марсіяне назіраюць за зямлянамі.
У тэорыі змовы тунэлям надаецца аператыўны аспект. Ён зʼяўляецца прыкметай актыўнасці, існавання сеткі, арганізаванай шкоды. У 1980-х гадах сталі распаўсюджвацца чуткі аб тым, што ў адным з дзіцячых садочкаў у Лос-Анджэлесе праводзяцца рытуальныя цырымоніі, у часе якіх дзяцей падвяргаюць сэксуальнай эксплуатацыі. Чуткам надалі сурʼёзную ўвагу, і тунэлі шукала паліцыя. Зразумела, што нічога не было знойдзена.
У тэорыі змовы К’юАнон (QAnon) тунэлі для педафілаў сталі цэнтральнай тэмай. Гэтая тэорыя зарадзілася ў інтэрнэце і паступова набыла папулярнасць па-за яго межамі, асабліва ў ЗША. Найбольш у яе вераць ультраправыя прыхільнікі Дональда Трампа. Менавіта ў часе яго прэзідэнцтва тэорыя ўзнікла і набыла папулярнасць.
Прыхільнікі К’юАнон упэўнены, што светам кіруе нейкая таямнічая і магутная кліка сатаністаў-педафілаў. У яе ўваходзяць вядомыя лідары Дэмакратычнай партыі, бізнэсмены, акторы, члены каралеўскіх сем'яў і іншыя знакамітасці як з ЗША, так і іншых краін Захаду. Яна падтрымлівае гіганцкую міжнародную сетку, якая займаецца сэксуальнай эксплуатацыяй непоўнагадовых. К’юАнон нават распрацавала фантастычную канцэпцыю «дзяцей-кратоў» для абазначэння ахвяраў, якія ўтрымліваюцца пад зямлёй для задавальнення педасатанінскай эліты.
Гэтая ж кліка, па меркаванні прыхільнікаў К’юАнону, плануе змову супраць Дональда Трампа, які хоча яе знішчыць дзеля дабра ва ўсім свеце.
Апошні раз пік актыўнасці К’юАнону прыйшоўся на прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2020 годзе. Адкрыццё ў адной з уплывовых сінагог Брукліна падземнага тунэлю перазапусціла гэтую тэорыю.
Чытайце яшчэ:
У Нью-Ёрку пад штаб-кватэрай мясцовых хасідаў знайшлі патаемны тунэль
Прапагандысты зноў звярнуліся да канспіралогіі. Козыр з «Планам Далеса» дастаў Кірыл Казакоў
Каментары