У Екацярынбургу людзі масава ліжуць сырыя яйкі. Навошта?
Жыхары горада знайшлі рызыкоўны спосаб зарабіць.
27.05.2024 / 15:10
Жыхары Екацярынбурга ліжуць шкарлупіну сырых яек, каб атрымаць атручэнне. Яны спадзяваліся зарабіць такім чынам мільён расійскіх рублёў (крыху больш за 11 тысяч долараў).
Уся справа ў мясцовым супермаркеце «Жизньмарт». У апошні час пачасціліся выпадкі атручвання прадуктамі з гэтай крамы — за месяц у Расспажыўнагляд звярнуліся 18 чалавек. Уладальнік сеткі Іван Зайчанка прызнаў праблему, папрасіў прабачэння ў пакупнікоў, заявіў, што кантракты з пастаўшчыкамі, якія яго падвялі, скасаваны, піша Baza.
Акрамя таго, Зайчанка паабяцаў выплаціць па мільёне расійскіх рублёў усім атручаным. Гэта аб'ява адкрыла скрыню Пандоры.
Жыхары Екацярынбурга прыняліся скупляць прадукты ў супермаркеце, а таксама лізаць сырыя яйкі ў надзеі на атручэнне сальманелай. Усё дзеля таго, каб атрымаць гэты запаветны мільён. Акрамя таго, пакупнікі сталі скардзіцца на ўжо правераныя прадукты.
У выніку Зайчанка назваў ідэю з мільёнам «цалкам ідыёцкай».
«Відаць, з мільёнам была зусім ідыёцкая ідэя, гэта мая памылка. У выпадку прызнання нашай віны я хацеў зрабіць дабро і неяк кампенсаваць людзям створаныя праблемы. Але добрымі намерамі выбрукаваная дарога ў пекла. Таму, калі ласка, не аблізвайце яйкі, гэта небяспечна», — заклікаў пакупнікоў бізнэсмен.
Ён зноў папрасіў прабачэння і заявіў, што выплаціць грошы толькі 18 пацярпелым, якія звярнуліся ў Расспажыўнагляд да аб'яўлення «акцыі». Тым часам колькасць скаргаў дасягнула 90.
Адзначым, што сальманелёз, якім можна заразіцца, калі лізаць шкарлупіну яек, можа прывесці да сур'ёзных праблем са здароўем і нават смерці.
«Хачу Porsche, але бацькі падарылі Geely». На якіх машынах беларускія студэнты прыязджаюць у ВНУ?