Дызайнер Бычкоўскі пахудзеў са 165 да 85 кг. Гэта ўжо яго трэцяя вайна з вагой — што дапамагае не сарвацца цяпер?
Яўген Бычкоўскі — вядомы дызайнер родам з Баранавіч. Сумкі ад BYCKOVSKI ёсць у гардэробе многіх беларускіх модніц. Акрамя прафесійнай дзейнасці, Яўген заўсёды актыўна вёў лайфстайл-блог, дзе, сярод іншага, расказваў пра свае спробы пахудзець. «Я двойчы худзеў і набіраў вагу зноў. Цяпер яна два гады плавае на ўзроўні ад 82 да 87 кілаграмаў, да іх я прыйшоў прыблізна за год, стартаваўшы з лічбы 165». Трымацца на гэты раз Бычкоўскаму дапамагае новая філасофія, якую ён вывеў сам для сябе. З чаго яна складаецца?
«Мне стала агідна ад таго, што я проста спажывец. Што жывое вакол памірае дзеля таго, каб я мог залішне есці. Гэта так эгаістычна», — дзеліцца ў блогу Яўген.
Ён арганізаваў сістэмны дэфіцыт калорый, адмовіўся ад газіровак і соусаў і ўпершыню сфармуляваў для сябе мэту не проста «пабачыць стройнае цела», а імкнуцца да таго, што будзе за гэтай кропкай.
«У нейкі момант я асэнсаваў: калі ў гэты раз не схуднею так, каб больш не таўсцець, усё гэта будзе бясконцым праклёнам у маім жыцці. Я заўважаў, што тое самае адбываецца з іншымі.
Стала зразумела, што мэтай павінна быць не пахудзенне, а нешта большае, што павінна мацаваць і падштурхоўваць да далейшага шляху. Для сябе я сфармуляваў гэта так: цэліць мячом не ў браму, а ў тое, што за ёй.
Адшукаўшы для сябе гэту кропку, я змог не толькі схуднець, але ўжо і два гады трымаць сябе ў форме без стрэсу і страху пра тое, што ўсё можа вярнуцца. Я зразумеў, што пахудзенне — занадта простае заданне. Хутка яго выконваючы, людзі, часцей за ўсё, не знаходзяць паўнавартаснага шчасця і расчароўваюцца. Без абгрунтавання «навошта гэта вам», без адказу на гэтае пытанне, пахудзенне будзе проста працягам вашай хваробы… Важна мець жаданне на размову з самім сабой», — патлумачыў у тыктоку сэнс сваёй філасофіі Яўген.
Пры гэтым хлопец нічога не забараняе сабе з ежы, але стараецца прытрымлівацца дэфіцыту калорый.
«Пыталіся, ці не прыбягаў я да пластыкі — не, і не збіраюся. Для мяне было шчасцем, калі вагі, якія былі разлічаныя на 150 кілаграмаў, перасталі выдаваць памылку і паказалі лічбу 149 кілаграмаў. Але я разумею, што калі ты 20 год быў тоўстым, то мала пахудзець, трэба пражыць столькі ж год худым — прызвычаіцца быць новым, з новымі звычкамі», — шчыра прызнаецца дызайнер.
Варта адзначыць, што працэс чарговай фізічнай трансфармацыі Яўгена выпаў на няпросты дэпрэсіўны час у эміграцыі: тры гады таму ён разам з жонкай і маленькай дачкой Шанэль пераехаў у Варшаву.
«Жыццё ў новай краіне — гэта сацыяльная смерць. А ў нейкі час я злавіў нешта кшталту зорнай хваробы — думалася, што свет круціцца вакол мяне. У мяне быў бізнэс, блог на 80 тысяч чалавек, які стабільна прыносіў дзве тысячы даляраў…» — расказвае Яўген.
На новым месцы прыйшлося пачынаць з нуля, вучыць мову, шукаць новыя знаёмствы. Акрамя таго, ужо ў эміграцыі ў сям’і нарадзілася другое дзіця — сын Іларыён. Усе гэтыя выклікі пагрузілі дызайнера ў дэпрэсію, ён закінуў свой блог і не ведаў, куды рухацца далей. Выратавала заробленая раней падушка бяспекі.
«Калі ў 18 год я спускаўся ў падвал і пачынаў шыць, а мае аднагодкі ў гэты момант тусілі, я таксама так хацеў. Але ў выніку праца падрыхтавала мяне да такога выхаду на «пенсію». Я мог спакойна ўзяць паўзу на падумаць: магчымасць мець час на прыняцце рашэнне ў нашым хуткім свеце — сапраўдная раскоша».
Сёння Яўген ужо не мае дачынення да развіцця брэнда сумак BYCKOVSKI, які функцыянуе ў Беларусі і Расіі. Некаторыя яго вырабы можна купіць у варшаўскім канцэпт-сторы TFH. Яўген спадзяецца, што хутка там з’явіцца яго ўласны дызайнерскі куток з новымі рэчамі, бо ў момант сваёй сацыяльнай паўзы ён шмат эксперыментаваў, вучыўся, чытаў, заводзіў карысныя знаёмствы ў сферы моды.
Акрамя таго, ён дапамагае развіваць брэнд адзення жонкі — кашулі, жакеты і аксэсуары Karamiksa. Таксама пасля вяртання ў анлайн блогер парадаваў падпісантаў анонсам працы над рукапісам — яго будучая кніжка раскажа пра памылкі і поспехі на шляху стварэння ўласнага брэнда.
Каментары