Страты Украіны ў вайне складаюць як мінімум 46 тысяч чалавек. А што ў Расіі?
Гэтую лічбу дае аналіз адкрытых крыніц.
27.05.2024 / 17:09
Фота: AP Photo / Alex Babenko
Страты бакоў у вайне Расіі супраць Украіны ва ўмовах вельмі абмежаванай інфармацыі вядуць некалькі ініцыятыў. Перыядычна «Медыязона», валанцёры якой сумесна з Бі-бі-сі займаюцца аналізам адкрытых крыніц, агучваюць лічбы страт расійскіх ваенных.
Іншы рэсурс — lostarmour.info — на днях апублікаваў даследаванне аб стратах Украіны. Яно праводзіцца па той жа методыцы, што і ў «Медыязоны».
Мяркуючы па стылістыцы артыкула Lostarmour.info, аўтары крайне негатыўна ставяцца да Украіны, выкарыстоўваюць усемагчымыя прапагандысцкія штампы. Разам з тым, выглядае, што праца па пошуку інфармацыі была праведзеная велізарная.
Сцвярджаецца, што па стане на 20 мая ў спісе загінулых украінскіх вайскоўцаў быў 46591 запіс.
З іх у 2022 годзе загінула 18237 чалавек, у 2023 — 22289, з пачатку 2024 года — 6065. Сярэдні ўзрост ахвяраў склаў 38 гадоў.
У аналізе звяртаецца ўвага на тое, што найбольшыя сярэднядзённыя страты ўкраінская армія панесла ў самым пачатку ўварвання — у лютым і сакавіку 2022 года. У далейшым яны істотна зменшыліся. Аўтары дапускаюць, што гэта можа быць звязана з мерамі па абмежаванні інфармацыі ў далейшым.
Што тычыцца страт расійскага боку, то ў канцы мінулага тыдня «Медыязона» агучыла новую лічбу — 54 185 загінулых расіян, чые імёны вядомыя. З якіх толькі на апошнія два тыдні прыпадае 1396 чалавек. Прычым гэтыя лічбы не ўключаюць загінулых з ліку мабілізаваных у «ДНР» і «ЛНР», сярод якіх былі каласальныя страты.
Па ацэнцы Бі-бі-сі, якая заснаваная на параўнанні даных спісу са звесткамі з асобных могілак, рэальна колькасць забітых прыкладна ў два разы большая. Гэта значыць, што расійская армія страціла ўжо каля 110 тысяч забітымі і сотні тысяч параненымі.
Шольц: Расія на вайне ва Украіне губляе 24 тысяч чалавек у месяц
Расійскія страты на вайне ва Украіне зноў сталі расці