Марына Васілеўская: З космасу бачыла Белавежскую пушчу і Палессе

Касманаўтка Марына Васілеўская працягвае ездзіць па розных дзяржаўных установах, расказваючы пра свой нядаўні палёт. Гэтым разам яна сустрэлася з вучнямі школ мінскага Савецкага раёна. Для гэтага ў сталічнай гімназіі № 6 зладзілі «дыялогавую пляцоўку» пад назвай «Космас наш!», паведамляе БелТА.

28.05.2024 / 19:55

Як сказала касманаўтка, «сёння я тут для таго, каб расказаць пра Сусвет, пра нашу прыгожую планету». На гэтай планеце, калі надвор'е спрыяе, з вышыні можна разгледзець і родныя мясціны, хоць асабліва расслабляцца пры гэтым не даводзіцца:

«Нашу Беларусь відаць з космасу. Яна выдатная, зялёная — бачыла Белавежскую пушчу, Палессе, хоць замінала воблачнасць і час, калі мы праляталі над Беларуссю, быў вельмі абмежаваны. Атрымаць асалоду не паспявала, але паспявала зрабіць кадры», — адзначыла касманаўтка.

Для таго ж, каб расказаць пра практычную карысць гэтага палёту, на сустрэчы прысутнічаў намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Буча.

Ад яго дзеці маглі даведацца, што «ў нас ёсць дыстанцыйнае зандаванне Зямлі, касмічная электроніка, новыя матэрыялы касмічнага прымянення», а вось пілатаванай касманаўтыкі да гэтага года не было.

І вось цяпер, маўляў, Васілеўская не проста злётала ў космас, а «здзейсніла палёт з выкананнем навуковай праграмы. Яна была досыць шырокай — пяць навукова-даследчых эксперыментаў і два агульнаадукацыйныя».

Марына Васілеўская ўсё яшчэ не аднавілася пасля палёту. Здагадайцеся, хто ёй дапамагае

Касманаўтка Марына Васілеўская перадала Лукашэнку сцяг, які пабываў у космасе

Качанава сустрэлася з Марынай Васілеўскай і не ўпусціла магчымасці лішні раз працытаваць Лукашэнку

Марына Васілеўская расказала, пра што ў яе найчасцей пытаецца працоўны люд. Пытанне вас шакуе

Nashaniva.com