Валер Кавалеўскі пракаментаваў расследаванне БРЦ, датычнае праекта пашпарта Новай Беларусі

Прадстаўнік па замежных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі даў каментар з нагоды расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтра аб датычнасці да праекта пашпарта Беларусі некаторых сумнеўных асоб і кампаній і іх магчымай сувязі з рэжымам.

29.05.2024 / 20:43

Валер Кавалеўскі

Паводле слоў Кавалеўскага, людзі, якія працуюць з праектам пашпарта, не збіралі ніякіх асабістых даных беларусаў, адпаведна ніхто і не мог атрымаць да іх доступ.

Геральдычная рада на чале з бізнэсменам Мікітам Забугам, асоба якога выклікала сумневы ў БРЦ, распрацоўвала дызайн пашпарта, і гэта адзінае супрацоўніцтва, якое з ёй было: ніякага доступу ці дачынення да працэсу збору даных беларусаў і выдачы пашпартоў яна мець не будзе

Літоўская кампанія «Гарсу Пасаўліс» таксама дапамагала ў распрацоўцы дызайну дакумента, каб ён адпавядаў стандартам ІКАО. Акрамя таго, гэта кампанія дапамагала з замовай спецыяльных матэрыялаў для друку пашпартоў. Ніякіх падстаў гэтай кампаніі не давяраць, паводле слоў Кавалеўскага, няма. БРЦ у сваім расследаванні звяртаў увагу на тое, што кампанія мела дзелавыя сувязі з прадпрыемствам, значная доля ў якім належыць бізнэсмену Віктару Шаўцову, звязанаму з беларускімі ўладамі.

Пры гэтым Кавалеўскі падкрэслівае, што

«канчатковае рашэнне аб супрацоўніцтве на ўсіх наступных этапах, пачынаючы з друку ўзораў, будзе прымаць ужо Пашпартны цэнтр, з абавязковай праверкай усіх падрадчыкаў і партнёраў».

Пры прыёме і працы з персанальнымі данымі Пашпартны цэнтр будзе кіравацца Агульным рэгламентам аховы даных ЕС (GDPR). Акрамя таго, ужо зараз распрацоўваюцца дадатковыя ўласныя спецпратаколы бяспекі для ўсіх этапаў персаналізацыі і выдачы новых нацыянальных пашпартоў Беларусі.

Кампанія, якая прапаноўвала свае паслугі друку «пашпарта Новай Беларусі», звязаная з бізнэсоўцам, набліжаным да Лукашэнкі

Махляры сабралі персанальныя звесткі тысяч беларусаў замежжа. Як так атрымалася і прычым тут пашпарт Новай Беларусі?

Кавалеўскі адказаў на восем гарачых пытанняў пра пашпарт Новай Беларусі

Кавалеўскі расказаў, як і дзе будуць выдаваць пашпарт «Новай Беларусі»

Nashaniva.com