«Мадэлі з вітрыны ў Дубаі, таму танныя». Доктарка з Мінска вырашыла выгадна замовіць пыласос і тэлефон — яе падманулі на вялікую суму
Жанчына марыла набыць танную бытавую тэхніку ў дом, а трапіла на махлярку. «Тэлефоны паляцяць са сцюардамі», — паабяцалі ёй.
31.05.2024 / 08:00
Ілюстрацыйны здымак. Фота: каталог Xiaomi
Падолаг Надзея Рагоўская з Мінска будуе з мужам уласны дом, куды некалькі месяцаў таму вырашылі набыць бытавую тэхніку. Сваю сумную гісторыю яна расказала ў інстаграме.
Жадаючы зберагчы сямейны бюджэт, Надзея пачала шукаць баера — чалавека, які зможа прывезці неабходнае з-за мяжы танней, — бо цэны ў беларускіх крамах не радуюць. Даволі хутка нехта са знаёмых параіў звярнуцца да Ксеніі, якая займаецца дастаўкай буйнагабарытных грузаў з Еўропы і ЗША.
Скрыншот сторыс Надзеі Рагоўскай
Працавала Ксенія з карга-дастаўкай. Звычайна карга-дастаўкай карыстаюцца тады, калі прадавец вязе невялікую колькасць тавару. Напрыклад, дзеля 200 кілаграм грузу нерэнтабельна арандаваць кантэйнер цалкам, таму некалькі дробных заказчыкаў выкупляюць месца ў ім. Але бывае, што прадпрымальнікі карыстаюцца шэрымі схемамі: напрыклад, дэкларуюць, што нібыта вязуць біжутэрыю, а насамрэч перавозяць тэлефоны. Дзякуючы гэтаму атрымліваецца знізіць мытныя пошліны. Карацей, прасторы для «творчасці» хапае.
Ксенія ж распавядала пакупнікам, што можа даставіць тавар з розных месцаў свету ў Санкт-Пецярбург, а адтуль да канчатковага спажыўца рассылае СДЭК. Цэны дзяўчына прапаноўвала прыемныя, таму Надзеі ўсё спадабалася.
— Ксенія дадала мяне ў групу ў тэлеграме, скінула спасылку на свой інстаграм — усё выглядала вельмі праўдападобна, — распавяла доктарка ў сторыс. — І адначасова мы пачалі з ёй размаўляць на асабістыя тэмы.
Баер паведаміла, быццам таксама цяжарная — ужо на 36-м тыдні і ведае, што дзіця народзіцца з парокам сэрца, таму адразу неабходна будзе рабіць аперацыю. Надзея, канечне ж, пачала шкадаваць будучую маці.
— У тым чаце ты сядзіш і шукаеш пазіцыі, якія цябе цікавяць. Гэта выглядае так: з’явіліся тры тэлефоны — як толькі іх забраніравалі, трэба адразу выкупіць. Ліста чакання не існуе. Усё выглядала вельмі праўдападобна.
Прыкладна 4-5 месяцаў Надзея праглядала чат, пакуль нарэшце не ўбачыла робат-пыласос, пра які марыла.
— Гэта было 10 гадзін вечара, у мяне не было грошай на картцы. Таму я патэлефанавала сяброўцы, каб яна пазычыла.
Жанчына хутка аплаціла замову, а баер напісала, што замова пацверджана і трэба чакаць адпраўку. Потым Надзея прыглядалася да чагосьці бюджэтнага, але Ксенія адгаворвала яе ад пакупак. Паралельна баер расказвала пра сваю цяжарнасць і нават адпраўляла здымкі УГД.
Далей доктарка ўсё ж аплаціла яшчэ некалькі дарагіх пакупак — тэлевізар і тэлефон.
— Я спытала: «Слухай, а як тэлефон даедзе?» Яна адказала, што тэлефоны ляцяць з Дубая — быццам бы гэта распакаваныя мадэлі з вітрыны, таму такія танныя. Я ж кажу: «Кантэйнер жа для іх не падыдзе?». Ксенія сцвярджала, што тэлефоны паляцяць са сцюардамі.
Надзея чакала замоўленае, а Ксенія распавядала, што вось толькі нарадзіла, а з дакументамі нейкія праблемы — быццам бы выйшла нейкая новая пастанова, праз якую на таварах трэба мяняць усе штрых-коды.
— Пасля таго, як усе тэрміны мінулі — гэта было 22 мая — я была ў Польшчы і вырашыла спытаць у Ксеніі, дзе ж мая замова. І раптам разумею, што мне няма каму пісаць — з суполкі мяне выдалілі, усю перапіску яна пачысціла, у інстаграме заблакавала.
Скрыншот сторыс баера
Цяпер доктарка хоча папярэдзіць астатніх, каб яны не трапілі ў пастку махляроў. Акаўнт баера Ксеніі мае 165 тысяч падпісчыкаў у інстаграме. Там пазначана, што жыве жанчына ў Германіі і ЗША, а працуе толькі на ўмовах 100% перадаплаты. У сторыс круцяцца тавары, якія быццам бы можна хутка набыць: напрыклад, прапаноўваюць iPhone 13 і iPhone 13 Pro Max усяго за 330 даляраў з тлумачэннем, што кошт такі, бо няма каробак.
Махляры прымусілі пенсіянерку ўзяць тры крэдыты і нават зрабілі сваёй памагатай
Махляры выманілі ў двух мінчукоў 400 тысяч рублёў, сказаўшы, што іх даныя скралі іншыя махляры
Махляры здаюць «райскі дамок» пасярод разаранага поля пад Асіповічамі. І многія вядуцца
22-гадовы жодзінец падмануў 13 беларускіх фірмаў і збег у Польшчу