34-гадовы дальнабойшчык з Баранавічаў, імаверна, загінуў у Францыі

Пра знікненне беларускага дальнабойшчыка Аляксандра Шавейкі каля французскага горада Немур паведаміла суполка дальнабойшчыкаў Беларусі ў інстаграме. Верагодна, мужчына загінуў, але жонка Вераніка дагэтуль не можа атрымаць афіцыйную інфармацыю ад працадаўцы мужа.

30.05.2024 / 22:05

Фота з інстаграма Аляксандра

Аляксандру 34 гады, ён з Баранавічаў. Працуе дальнабойшчыкам у літоўскай кампаніі «Балтыктранслай». Як паведамляецца, жонка Аляксандра не магла стэлефанавацца з мужам з 26 мая. У той момант дальнабойшчык павінен быў знаходзіцца каля французскага горада Немур, гэта прыгарад Парыжа.

Вераніка папрасіла сябра мужа паспрабаваць патэлефанаваць Аляксандру. У гэты раз на выклік адказалі — чалавек прадставіўся паліцэйскім і паведаміў, што Аляксандр загінуў. Яго збіў грузавік.

У панядзелак, 27 мая, Вераніка патэлефанавала працадаўцу мужа, каб атрымаць афіцыйную інфармацыю, але нічога канкрэтнага ёй не сказалі. Жанчына сцвярджае, што з 28 мая прадстаўнікі кампаніі адмаўляюцца з ёй размаўляць. Яна просіць дапамогі, каб даведацца хоць нешта пра лёс Аляксандра.

Тым часам французскія СМІ паведамлялі пра тое, што позна вечарам 25 мая на шашы A6 недалёка ад Немура Citroën C4 збіў пешахода. Нягледзячы на медыцынскую дапамогу, мужчына памёр на месцы. Нацыянальнасць і ўзрост загінулага не паведамляецца.

Мегаскандал у МУС: супрацоўнік крымінальнага вышуку кіраваў бандай, якая ў балаклавах рабавала дальнабойшчыкаў

У Італіі знайшлі мёртвым беларускага дальнабойшчыка

Пʼяны беларускі дальнабойшчык ехаў па нямецкім аўтабане заднім ходам. Але прыцягнуў увагу ён не толькі гэтым

У Германіі адзін беларускі дальнабойнік пераехаў іншага

Nashaniva.com