Што азначае абвінаваўчы вердыкт Трампу? Ці могуць патэнцыйнага прэзідэнта насамрэч кінуць за краты?
30 мая суд прысяжных у Нью-Ёрку прызнаў Дональда Трампа вінаватым у падробцы фінансавай дакументацыі Trump Organization. Ці адправяць экс-прэзідэнта ў турму і як яго судзімасць паўплывае на будучыя прэзідэнцкія выбары, разбіраўся РБК.
31.05.2024 / 11:08
Дональд Трамп. Фота: Manuel Balce / AP
Суд прысяжных у ЗША можа вынесці абвінаваўчы або апраўдальны прысуд, аднак меру пакарання абірае суддзя. Абвяшчэнне прысуду Трампу запланаванае на 11 ліпеня — за чатыры дні да партыйнага з'езду Рэспубліканскай партыі, на якім палітык павінен быць афіцыйна вылучаны ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта ЗША.
Кожны з пунктаў абвінавачвання — па адным на кожны з 11 рахункаў, 11 чэкаў і 12 ваўчараў, звязаных з выплатамі Коэну, —прадугледжвае да чатырох гадоў турэмнага зняволення.
Значыць, у суме экс-прэзідэнту пагражае максімум 136 гадоў зняволення.
Але малаімаверна, што Трампа прысудзяць да турмы, бо палітык упершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, прычым за негвалтоўнае злачынства.
Як правіла, асуджаных па аналагічных злачынствах у Нью-Ёрку, якія не маюць судзімасцяў, прысуджаюць да штрафаў або ўмоўнага тэрміну.
Нават калі суддзя Мерчан вынесе больш суровы прысуд, то, хутчэй за ўсё, максімум, што пагражае Трампу,— гэта хатні арышт або каменданцкая гадзіна, адзначае агенцтва.
Трамп можа падаць апеляцыю на пастанову суда, аднак першыя слуханні наўрад ці пройдуць да ўсеагульнага дня галасавання 5 лістапада. Фармальна судзімасць і нават турэмнае зняволенне ніяк не перашкодзяць Дональду Трампу ў барацьбе за пасаду прэзідэнта ЗША.
У амерыканскай Канстытуцыі няма ніякіх палажэнняў, якія забаранялі б асуджанаму прэтэндаваць на вышэйшую пасаду ў дзяржаве, а ў 1920 годзе лідар Сацыялістычнай партыі Юджын Дэбс вёў перадвыбарчую кампанію з-за кратаў. Больш за тое, у выпадку абрання прэзідэнтам ЗША Трамп можа сам сябе памілаваць.
Трамп стаў першым прэзідэнтам ЗША ў гісторыі, прызнаным вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства, і патэнцыйнае турэмнае зняволенне экс-прэзідэнта — выпадак беспрэцэдэнтны.
Паводле амерыканскіх законаў, усе былыя кіраўнікі дзяржавы ахоўваюцца супрацоўнікамі Сакрэтнай службы ЗША, а значыць, ім давядзецца адправіцца разам з Трампам у турму, піша New York Times.
Палітык будзе ўтрымлівацца асобна ад іншых асуджаных, а ўзброеныя агенты будуць знаходзіцца побач з ім кругласутачна, рэгулярна правяраючы яго ежу і асабістыя рэчы.
Былыя супрацоўнікі папраўчых устаноў паведамілі, што ў штаце Нью-Ёрк ёсць некалькі часткова закрытых турмаў з пустуючымі памяшканнямі.
Верагодна, адна з гэтых пабудоў будзе выкарыстоўвацца для заключэння былога прэзідэнта і размяшчэння яго аховы з Сакрэтнай службы.
«Вінаваты па ўсіх пунктах». Прысяжныя вынеслі вердыкт па гістарычнай справе супраць Трампа
Трамп заявіў, што бамбіў бы Маскву, калі б Расія ўварвалася ва Украіну пры ягоным прэзідэнцтве
Нікі Хэйлі падтрымае Трампа на выбарах