На Гомельшчыне адкрылі новае радовішча нафты. Лукашэнка загадваў гэта зрабіць месяц таму
У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці адкрылі новае радовішча нафты, паведаміў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.
31.05.2024 / 18:28
Пошук новых радовішчаў вёў Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі, у рамках гэтай працы яго спецыялісты прабурылі першую свідравіну «Заазер'еўскае» ў Акцябрскім раёне глыбінёй 4,2 тыс. м.
Дзякуючы прымяненню тэхналогій кіслотна-салянага разрыву пласта на адзнацы 4053 м і 4069 м выяўлены прыток нафты. Дэбіт свідравіны складае 600 л у суткі.
«Гэта нядрэнны вынік. Таму можна казаць, што мы адкрылі новае радовішча нафты», — сказаў міністр. Паводле папярэдніх ацэнак, запасы ў ёй складаюць 152 тыс. т нафты.
Пасля таго, як гэтыя аб'ёмы пацвердзіць рэспубліканская камісія па зацвярджэнні запасаў карысных выкапняў, радовішча будзе перададзена на дзяржаўны баланс, а далей — у працу «Беларуснафты» для прамысловай здабычы.
Цяперашнія прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць 44,7 млн т. у год. У Беларусі здабываюць каля 1,9 млн тон нафты (15% ад унутраных патрэбаў). Усяго на тэрыторыі краіны адкрыта 96 радовішчаў нафты, з іх 36 знаходзяцца ў працы.
Варта адзначыць, што толькі месяц таму, 22 красавіка гэтага года, Лукашэнка даў загад новапрызначанаму міністру Сяргею Масляку ўзмоцнена шукаць карысныя выкапні і больш інтэнсіўна асвойваць іхнія радовішчы. Нельга выключаць, што паведамленне пра новаадкрытае радовішча з'яўляецца рэакцыяй на гэта даручэнне.
«Трэба капаць». Лукашэнка спадзяецца, што новы міністр знойдзе яму шмат нафты
Беларусь нарошчвае здабычу нафты і выкарыстоўвае новую тэхналогію. Што за яна?