«Кліент хоча — знойдуцца тыя, хто яму гэта прапануе». Навуковец ацаніў рэалістычнасць мараў Лукашэнкі пра новыя радовішчы
У Беларусі, верагодна, пачнуць узмоцнена шукаць карысныя выкапні і больш інтэнсіўна асвойваць іхнія радовішчы. Прынамсі, такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй нарадзе па развіцці мінеральна-сыравіннай базы. Пра тое, ці будуць адданыя выканаўцы пачынаць нешта шукаць і ці маюць шанцы нешта знайсці, з беларускім вучоным-хімікам, экс-супрацоўнікам Акадэміі навук і навукова-тэхнічным блогерам Сяргеем Бесарабам пагутарыла «Салідарнасць».
«Што да прыродных рэсурсаў і сыравіны — на шчасце (а мо, для кагосьці на гора), іх размеркаванне прывязана толькі да фізічных законаў Сусвету, а не да трызнення чалавека з адукацыяй гісторыка.
Гэта тычыцца і Беларусі: большасць радовішчаў была разведаная яшчэ ў савецкія часы, усё больш-менш вядома.
Натуральна, здабыча рабілася — як і цяпер робіцца — тымі сродкамі, якія фармуюць суму тэхналогій на гэты момант часу.
А яшчэ ёсць такая рэч, як камерцыйная мэтазгоднасць: здабываць карысныя выкапні, кошт здабычы якіх перавышае іх уласны кошт — гэта блазенства ці нават вар’яцтва».
Пры гэтым у Беларусі насамрэч хапае розных прыродных рэсурсаў, зазначае навуковец. Але гэта зусім не значыць, што карысныя выкапні «ляжаць пад нагамі», як мяркуе правіцель.
Рэч у тым, што чалавецтва дагэтуль вельмі мала ведае пра зямную кару, дзе знаходзіцца большасць карысных выкапняў. Бо таўшчыня зямной кары — ад 30 да 70 кіламетраў, а Кольская звышглыбокая свідравіна, збудаваная для навуковых мэтаў яшчэ ў савецкія часы і да сёння самая глыбокая ў свеце — «зазірнула» ў нетры крыху больш за 12 кіламетраў. То-бок у найлепшым выпадку — на трэць.
— У гэтым сэнсе чалавечыя «калупанні» нагадваюць часотачных кляшчоў, якія буравяць слой эпідэрмісу, той верхні слой, які злушчваецца, у надзеі нешта там сабе знайсці, — праводзіць паралелі Сяргей Бесараб. — А глыбей, нават калі б і хацелі, не маюць фізічнай магчымасці пранікнуць. І ў выпадку з карыснымі выкапнямі тое самае.
У Беларусі шмат чаго ёсць цікавага. Напрыклад, радовішчы ўрану, і нават немалыя — у Гродзенскай вобласці, каля Карэліч, непадалёк ад маёй малой радзімы.
Вельмі просценькі там пасёлак, а пад ім велізарныя радовішчы ўрану, тысячы тон. Але яны знаходзяцца на такой неверагоднай глыбіні, што мэтазгоднасць здабычы не тое што нулявая, яна адмоўная.
Але, зноў жа, калі «кліент» хоча — знойдуцца тыя, хто яму гэта прапануе. Што называецца, любое вар’яцтва за вашыя грошы.
— Аднак некаторыя чыноўнікі рызыкнулі запярэчыць Лукашэнку: прыкладам, адносна аб’ёмаў нафты, якія здабывалі раней, адносна базальту, які залягае глыбока і трэба падумаць, як яго здабыць, перш чым выкарыстоўваць, і верагодных выдаткаў на такую здабычу. Магчыма, здаровы сэнс пераможа і запуску новых «прарыўных праектаў» не адбудзецца?
— Я даўно ўжо прызвычаіўся да таго, што цудаў не здараецца — нацыянальная ідэя лукашэнкаўскай Беларусі палягае ў тым, каб рэалізаваць усё дрэннае, што можна сабе ўявіць.
Але рэч у тым, што ў верхняй частцы зямной кары сапраўды амаль усе сокі выціснутыя. І калі б гэты гісторык хоць трохі вучыў у школе геаграфію, то, напэўна, разумеў бы, што да чаго з той жа нафтай.
Ён узгадаў, што ў 1975 годзе каля 8 мільёнаў тон нафты ў Беларусі здабылі. А за ўвесь час незалежнай Беларусі штогод здабыча круціцца на ўзроўні 1-1,5 мільёна, то крыху менш, то трошкі больш — і шмат хто з геолагаў кажа, што рэсурсы ўжо вычарпаныя, і нічога новага тут не зробіш.
Летась, згадвае вучоны, беларускія нафтаздабытчыкі з помпай расказвалі пра «новы метад здабычы» ZipperFrac — аднак на справе выявілася, што нічога новага і неверагоднага там няма, проста адаптавалі да беларускіх рэалій тэхналогію, якая выкарыстоўвалася ў Тэхасе з 70-х (!) гадоў мінулага стагоддзя. Прычым яна прымянялася на старых, закінутых свідравінах, груба кажучы, каб сабраць з іх апошнія кроплі запасаў нафты — але ніякага профіту ад гэтага не было і быць не магло.
— Мяркую, што і цяпер знойдуцца тыя хітрыя дурні, якія прададуць падобную недарэчнасць пад маркай інавацыі, — дадае Сяргей Бесараб. — У нас жа, як Мясніковіч увёў трэнд на інавацыі, усе з імі і носяцца.
Бо гэта яшчэ адна нацыянальная прымаўка ў лукашэнкаўскай Беларусі: «грошы асвоеныя». Я гэта вельмі часта чуў у Акадэміі навук — няважна, які вынік, галоўнае, што грошы засвоілі.
А вось датычна айчыннага базальту, вытворчасцю якога таксама даручыў заняцца Лукашэнка, эксперт не такі катэгарычны:
— Тэма цікавая і неадназначная. Рэч у тым, што базальту, граніту, умоўна, шчэбню ў Беларусі хапае. Канешне, вельмі энергетычназатратна плавіць шчэбень і рабіць з яго мікравалокны. Тым больш, разглядаць вытворчасць звычайнай каменнай ваты як ноу-хау, якое выведзе краіну ў лідары — проста смешна, гэта робіць хто заўгодна, можа нават у Афрыцы.
У цэлым базальтавае валакно — рэч цікавая, у тым ліку і з пункту гледжання перспектыўных адсарбентаў, і я не мяшаў бы гэтую тэму з агульным блазенствам, якое адбываецца ў сферы геалогіі і выкарыстання нетраў.
Але ж матэрыялазнаўчы навучтэх патрабуе і высокай кваліфікацыі, даследаванняў, значных інвестыцый, а не меркавання абсалютнага дылетанта, у якога і кансультанты ці хлусяць, ці самі не разумеюць, пра што размова. І гэта, безумоўна, тупік.
Каментары