Лукашэнка: Пуцін дзейнічае ва Украіне як Чынгісхан

Лукашэнка падчас размовы з журналістамі ў Манголіі правёў гістарычныя паралелі.

03.06.2024 / 13:13

Фота: montsame.mn

Частка мангольскіх СМІ выступалі супраць візіту Аляксандра Лукашэнкі ў краіну, падкрэсліваючы яго дапамогу Расеі ў вайне супраць Украіны.

Ён на прэс-канферэнцыі паспрабаваў адказаць мангольскім журналістам. Ён традыцыйна заявіў, што СМІ бачаць сітуацыю аднабока і спрабуюць «укідваць гэты пункт гледжання ў грамадства». А затым Лукашэнка пусціўся ў гістарычныя паралелі, піша ягоная прэс-служба.

Ён нагадаў, як у свой час Чынгісхан будаваў мангольскую імперыю і «абараняў сваіх людзей».

«Калісьці Мангольская імперыя даходзіла аж да межаў Беларусі. І я ведаю, як ён абараняў сваіх суайчыннікаў. Яны гінулі на поле бою тысячамі. Але калі хтосьці адважыўся пакрыўдзіць яго воінаў, ён мячом і агнём змятаў паселішчы і гэтых людзей. Што ж адбылося паміж Украінай і Расіяй? А тое ж самае», — лічыць Лукашэнка.

Палітык распавёў, што ЗША і краіны Захаду прыклалі руку да распаду СССР, а затым пачалі рухацца да межаў Беларусі і Расіі і ўводзіць санкцыі. Лукашэнка зноў заявіў, што «ва Украіне стваралі плацдарм для атакі на Беларусь і Расію». А затым параўнаў Уладзіміра Пуціна з Чынгісханам.

@nashanivanews Кіпеш на граніцах: салдат перакідваюць на мяжу з Украінай #беларусь #всрб #армиябеларуси #армия #нашаніва #беларускітыкток ♬ Crime Scene - Avery Alexander

«Пры чым тут Чынгісхан? Я вам расказаў, як ён абараняў сваіх суайчыннікаў. І калі ва Украіне пачалі натуральна ў новым стагоддзі, у сучасным свеце спальваць людзей у дамах (паглядзіце, Адэса: як там спальвалі рускіх людзей), расійскае грамадства пачало ціснуць на прэзідэнта Пуціна і на ўладу: Вы павінны іх абараніць! Паралель? Пуцін абараніў сваіх людзей», — выказаў меркаванне Лукашэнка.

Ён папрасіў журналістаў «не рабіць беларусаў ворагамі мангольскага народа» і прапанаваў «прыехаць у Беларусь і паглядзець на рэальную сітуацыю».

Лукашэнка вучыў манголаў, як трэба трымаць уладу

Чаму Лукашэнка столькі гадоў трымае прэс-сакратаркай Наталлю Эйсмант?

Шлюб з ведзьмай і апякун з КДБ: Раман Пратасевіч, якога вы не ведалі

Nashaniva.com